Пошук

20.08.2022 23:13   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Удзень 20 жніўня на палявым алтары-караблі, што побач з касцёлам нібы плыве па-над азёрамі Браслаўшчыны, адбылася цэлебрацыя святой Імшы, якая стала кульмінацыяй урачыстасцяў у гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў.

Сёлета Браслаўскі фэст праходзіў пад дэвізам «Маці супакою, маліся за нас». Ён распачаўся ў пятніцу 19 жніўня прыбыццём пілігрымаў і святой Імшой, падчас якой 76 юнакоў і дзяўчат з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі прынялі сакрамэнт канфірмацыі. Працягнула ўрачыстасць начная працэсія са свечкамі вакол Замкавай гары і святая Імша апоўначы перад цудадзейным абразом Маці Божай Браслаўскай.

На наступны дзень, у суботу, галоўную ўрачыстую цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Перад Імшой арцыпастыра шчыра прывітаў гасцінны гаспадар, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, ураджэнец Браслава.

Словы вітання пастыр Касцёла на Віцебшчыне скіраваў таксама пілігрымам і сваім сабратам: найстарэйшаму каталіцкаму іерарху ў Беларусі біскупу Казіміру Велікасельцу з Пінскай дыяцэзіі, біскупам Юрыю Касабуцкаму і Аляксандру Яшэўскаму SDB з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Апостальскаму візітатару для беларускіх грэка-католікаў архімандрыту Сяргею Гаеку, а таксама ксяндзу Юзафу Фігелю SDS, Правінцыялу супольнасці сальватарыянаў, прадстаўнікі якой ўжо шмат гадоў нясуць служэнне ў браслаўскай парафіі пры дыяцэзіяльным санктуарыі Валадаркі Азёраў.

Біскуп Буткевіч асобна прывітаў прысутных на ўрачыстасці прадстаўнікоў мясцовай улады: старшыню Браслаўскага райвыканкама Вячаслава Грышчанку і яго намесніцу Вольгу Вялічка.

«Да нашай Нябеснай Маці, якую тут, у Браславе, ушаноўваем як Валадарку Азёраў і нашых сэрцаў, прыходзім зноў, вандруючы з розных куткоў нашай краіны. Тут, пад Яе Матчынай апекай сапраўды можам назваць сябе шчаслівымі. Яна любіць нас і туліць да свайго сэрца як сваіх дзяцей.

Няма кутка на нашай зямлі, дзе б не ўзносілася хвала нашай Нябеснай Маці: з поўдня на поўнач і з захаду на ўсход мы праслаўляем Тую, якая нарадзіла нам Божага Сына і засталася найпрыгашэйшым узорам чысціні і паслухмянасці. Бялынічы, Брэст, Баруны, Лагішын, Будслаў, Мінск, Жыровічы, Гродна, Тракелі, Гудагай і вось тут, між блакітных азёраў у Браславе прагнем праславіць Яе, а разам з Ёй Яе Сына і нашага Бога ў Тройцы адзінага. Будзем прасіць Яго, каб сваёй прадбачлівасцю кіраваў лёсамі свету, нашай краіны і жыццём кожнага з нас», — сказаў з пачуццём біскуп Буткевіч.

«З надзеяй углядаемся ў цудоўны твар нашай Маці і прагнем адчуць сябе на Яе руках. Прыносім Ёй наш клопат за нашу краіну і ўвесь свет, які сёння, як, магчыма, ніколі дагэтуль, патрабуе асаблівай Божай ласкі і міласэрнасці.

Да Яе, Маці супакою, а разам з Ёй да Нябеснага Айца з даверам прагнем узнесці малітвы аб паратунку і літасці да сучаснага свету. Аб навяртанні і Божай мудрасці для тых, ад каго сёння залежаць лёсы свету. Аб навяртанні і Божай мудрасці для нас, бо мы і ёсць тая Божая ніва, якая павінна прыносіць багаты плён годнага хрысціянскага жыцця, трывалых сем’яў, адданага пастырскага служэння і адказнага служэння грамадству.

Вядзі нас, Маці, да свайго Сына, бо толькі маючы Яго ў сэрцы мы можам трываць у супакоі і несці супакой іншым», — падкрэсліў біскуп Алег Буткевіч непасрэдна перад Імшой, пасля чаго запрасіў арцыбіскупа Станеўскага ўзначаліць цэлебрацыю.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр звярнуў увагу на сардэчнасць і пяшчоту, якую ў Божы дом — святы Касцёл — прыўносіць чулая любоў Маці.

Напрыканцы Імшы іерарх, які ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’яўляецца адказным за моладзь, асаблівым чынам звярнуўся да маладых удзельнікаў урачыстасці, запрасіўшы іх у наступным годзе ўзяць удзел у Сусветных днях моладзі, што пройдуць у Лісабоне.

Арцыбіскуп таксама прапанаваў юнакам і дзяўчатам разам заспяваць спеў праслаўлення Нябеснага Айца і Маці Божай, прысвяціўшы яго старэйшаму пакаленню, і сам ад алтара заінтанаваў папулярную моладзевую песню «О, праслаўляйце Яго, ўсе народы».

Яе з энтузіязмам падхапіла прысуная на ўрачыстасці моладзь, а таксама ўдзельнікі вялікага зводнага хору, што ўпрыгожыў сваім спевам урачыстую літургію. У склад гэтага вялікага калектыву ўвайшлі ўдзельнікі хора браслаўскай парафіі пад кіраўніцтвам Іны Сапун, а таксама хора Salutaris пад кіраўніцтвам Вольгі Янум і іншыя ўдзельнікі летняй школы касцёльнага спеву, якая ўжо ў пяты раз праходзіла сёлета ў Браславе па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам галоўнага арганіста мінскага катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі, дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзіміра Неўдаха.

Здавалася, што менавіта дзякуючы спевакам і іх велічнаму спеву гімна Te Deum пасля Камуніі на нейкі момант хмарнае неба праяснілася, і з-за шэрых аблокаў заззялі залатыя промні сонца.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Алег Буткевіч уручыў дыпломы падзякі святарам, якія сёлета адзначылі 35-годдзе з часу прэзбітэрскага пасвячэння: Генеральнаму вікарыю Віцебскай дыяцэзіі ксяндзу прэлату Францішку Кіселю і брату Тадэвушу Кавальскаму OFMCap, душпастыру Цэнтра дапамогі залежным ад алкаголю. На наступны год пастыр Віцебскай дыяцэзіі сардэчна запрасіў усіх прысутных у Браслаў на чарговы фэст у гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў.

 

Абноўлена 21.08.2022 22:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.