Пошук

20.08.2022 03:05   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Увечары 19 жніўня ў санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі ў Браславе распачаліся штогадовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў.

На Браслаўскі фэст сёлета прыйшлі дзве пешыя пілігрымкі: з Глыбокага і Удзела. У трохдзённай пешай пілігрымцы Глыбокае – Браслаў узялі ўдзел 60 асобаў. Яны прайшлі каля 90 кіламетраў пад кіраўніцтвам пробашча глыбоцкай парафіі ксяндза Мікалая Ціхановіча і кіраўніка Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі ксяндза Алега Хмылко.

З Удзела ў Браслаў на ўрачыстасць Маці Божай Валадаркі Азёраў прыйшла экстрэмальная пакутніцкая пілігрымка. Адлегласць больш за 90 кіламетраў пераадолелі дзесяць пілігрымаў на чале з айцом Віктарам Мялешкам OFMConv.

На фэст прыбылі таксама дзве арганізаваныя аўтобусныя пілігрымкі з Гродзенскай дыяцэзіі агульнай колькасцю больш за 50 удзельнікаў, а таксама індывідуальныя пілігрымы з іншых мясцін Беларусі і з-за мяжы, якія дабіраліся ў Браслаў на роварах і на аўтамабілях.

Пілігрымаў пры ўваходзе ў санктуарый сустракаў пробашч парафіі Нараджэння Маці Божай у Браславе ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS.

Усіх удзельнікаў урачыстасці прывітаў на пачатку першай святочнай цэлебрацыі ў сваім родным браслаўскім касцёле біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Перадусім словы вітання пастыр скіраваў пілігрымам і сваім сабратам: найстарэйшаму каталіцкаму іерарху ў Беларусі біскупу Казіміру Велікасельцу з Пінскай дыяцэзіі, біскупам Юрыю Касабуцкаму і Аляксандру Яшэўскаму SDB з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Апостальскаму візітатару для беларускіх грэка-католікаў архімандрыту Сяргею Гаеку, а таксама ксяндзу Юзафу Фігелю SDS, Правінцыялу супольнасці сальватарыянаў, прадстаўнікі якой ўжо шмат гадоў нясуць служэнне ў браслаўскай парафіі пры санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў.

Біскуп Буткевіч нагадаў тэму сёлетняга фэсту: «Маці супакою, маліся за нас» і запрасіў сабраных на святой Імшы маліцца аб міры ва ўсім свеце, а таксама папрасіў біскупа Юрыя Касабуцкага узначаліць цэлебрацыю.

Традыцыйна падчас першай святой Імшы ў межах Браслаўскага фэсту моладзь з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі прыняла сакрамэнт хрысцяінскай сталасці — канфірмацыю. У гэты вечар 76 юнакоў і дзяўчат атрымалі з рук біскупаў Буткевіча і Касабуцкага дар Духа Святога.

У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі падзяліўся з маладымі кандыдытамі да канфірмацыі ўспамінамі са свайго дзяцінства, распавёўшы пра тое, як яго разам з сястрой праўдам веры вучыла бабуля. Іерарх заахвоціў моладзь па прыкладу Марыі і апосталаў мець моцную веру і без страху дзяліцца ёю ў сваім атачэнні.

Напрыканцы Эўхарыстыі біскуп Алег Буткевіч павіншаваў святароў даручанай яго пастырскаму кіраўніцтву Віцебскай дыяцэзіі, якія сёлета адзначылі першую «круглую» гадавіну з часу прэзбітэрскага пасвячэння — дзесяцігоддзе святарства.

З гэтай нагоды дыпломы падзякі ад пастыра Касцёла на Віцебшчыне атрымалі ксёндз доктар Валерый Марціноўскі з Віцебска, ксёндз Антон Лагунёнак з Канстанцінава, ксёндз Вячаслаў Адамовіч з Ідолты і ксёндз Уладзімір Шыдлоўскі SDS, вікарый браслаўскай парафіі.

Пасля святой Імшы да сабраных звярнуўся біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх прамовіў канферэнцыю, прысвечаную сям’і, падзяліўшыся досведам ад удзелу ў Дзясятай Сусветнай сустрэчы сем’яў, што прахозіла ў Рыме ў чэрвені гэтага года.

 

Абноўлена 20.08.2022 03:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця