У ноч з 19 на 20 жніўня ўдзельнікі ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў у санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі ў Браславе прайшлі ў працэсіі вакол Замкавай гары.
Узначаліў рэлігійнае шэсце па вуліцах свайго роднага горада біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Разам з ім у працэсіі бралі ўдзел найстарэйшы каталіцкі іерарх у Беларусі біскуп Казімір Велікаселец, біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, святары з законніцкай супольнасці сальватарыянаў, прадстаўнікі якой ужо шмат гадоў нясуць служэнне ў браслаўскай парафіі пры санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў, святары лацінскага і ўсходняга абрадаў з розных мясцін Беларусі, а таксама пілігрымы і мясцовыя вернікі.
Сотні чалавек ішлі за Марыяй у Яе цудадзейным браслаўскім абразе па начных вуліцах цёплай жнівеньскай ноччу, ахінутай водарам яблыкаў і кветак, а над імі ў недасяжнай вышыні плыў човен ветаха. Месяц часта з’яўляецца сімвалам Марыі, бо як ён адлюстроўвае святло Сонца, так Марыя апраменьвае свет святлом свайго Сына Езуса Хрыста.
Несучы ў руках запаленыя паходні і свечкі, падчас працэсіі людзі маліліся Радасныя таямніцы святога Ружанца, спяваючы паміж імі Марыйны спеў: «Марыя, ты надзея, у малiтве нам успамога; Ты нас беражы, Матуля спакою».
Гэтыя словы асаблівым чынам перагукаюцца з дэвізам сёлетняй урачыстасці Валадаркі Азёраў: «Маці супакою, маліся за нас». Паўтораная сотнямі вуснаў простая малітва была выразам скіраванай з глыбіні сэрцаў просьбы да Бога аб міры ва Украіне і ва ўсім свеце.
Апоўначы ў касцёле распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Буткевіч. Пастыр Віцебскай дыяцэзіі адзначыў, што святкаваннем у Браславе завяршаецца летні цыкл Марыйных фэстаў у санктуарыях Беларусі.
Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У Божым слове іерарх засяродзіўся перадусім на двух аспектах, якія адрознівалі асобу Багародзіцы: Яе моцнай веры і ўменні слухаць Бога.
Набываць гэтыя якасці біскуп Яшэўскі заахвоціў прысутных на ўрачыстасці вернікаў, адзначыўшы, якой вялікай дапамогай на гэтым шляху з’яўляецца ружанцовая малітва, што перамяняе жыццё і ратуе нават у безнадзейных на першы погляд сітуацыях.