Пошук

12.08.2022 11:45   Паводле: ave-maria.by / Catholic.by
Фота: ave-maria.by

Жнівеньскі нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны Марыйнай пабожнасці, каб заахвоціць чытачоў будаваць глыбейшыя адносіны з Божай Маці, пашыраць Яе культ і наследаваць Яе прыклад.

Анонс новага нумара падаецца на сайце выдання ave-maria.by.

Ксёндз доктар Юрый Дрозд у сваім артыкуле распавядае пра гісторыю Марыйнага культу ў вучэнні Каталіцкага Касцёла.

Ксёндз Андрэй Рылка ў традыцыйнай рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» тлумачыць, чаму ў адных краінах Марыйны культ развіты шырока, а ў іншых — значна менш. У той жа час айцец Юрый Кулай OCD у рубрыцы «Школа малітвы» разважае пра ўдасканаленне сэрца па прыкладзе Божай Маці.

Айцец Яўген Голуб OFMConv дзеліцца з чытачамі думкамі пра Марыю, якая паказвае найбольш пэўны і бяспечны шлях да Бога.

Пра ордэн кармэлітаў босых, пакліканых развіваць Марыйную духоўнасць, і яго дзейнасць распавядаюць пастаянная аўтарка часопіса Іна Бігель і настаяцель кляштара кармэлітаў босых у Мінску айцец Сяргей Трысцень OCD.

Ганна Шаўчэнка на прыкладзе сваіх адносінаў з маленькім сынам разважае пра значэнне маленькіх сімвалаў нашых адносінаў з Богам і Божай Маці і важнасць таго, каб яны не ператварыліся для нас у магічныя талісманы.

Пра значэнне і сімволіку евангельскага гімна Марыі Magnificat — «Велічае душа мая Пана…» —  распавядае чытачам Юлія Шэдзько.

У матэрыяле Галіны Калевіч, як заўсёды, можна пазнаёміцца з жывымі сведчаннямі веры. Гэтым разам пра сваё пакліканне і апостальскую працу распавядаюць члены Легіёна Марыі Уладзімір Канановіч і Люцыя Чалнакова.

У сваім артыкуле няўрымслівы Віктар Ведзень працягвае распавядаць пра аўтамабільную пілігрымку ўздоўж межаў Беларусі з найбольш шанаванымі абразамі Маці Божай з беларускіх санктуарыяў. Чытачы даведаюцца, як праходзіла перэгрынацыя ў Мінску, Магілёве і Талачыне.

Летам адбылося некалькі важных для беларускага Касцёла падзей, якія знайшлі адлюстраванне на старонках жнівеньскага нумара часопіса «Ave Maria».

У выданні распавядаецца пра тое, як ацыбіскуп Юзаф Станеўскі атрымаў з рук Папы Францішка палій Мітрапаліта, як у віцебскім мікрараёне Білева адбылося пасвячэнне новага касцёла ў гонар святога Ігнацыя Лаёлы. У гэты ж час адзначыў 550-гадовы юбілей касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Ішкалдзі — адна з самых старажытных беларускіх святыняў.

Супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў «Ave Maria», «Наша вера» і выдавецтва «Pro Christo» віншуюць з пяцідзесяцігоддзем ксяндза каноніка доктара Яна Крэміса, пробашча парафіі Святога Духа ў мінскім мікрараёне Чыжоўка і старшыню Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Яны шчыра дзякуюць святару за шматгадовае супрацоўніцтва, за спрыянне і дапамогу ў выданні каталіцкай літаратуры.

Рэдакцыйны калектыў віншуе з 55-годдзем айца Анатоля Ярошку OFMCap, які цяпер узначальвае Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і з якім рэдакцыю часопіса таксама звязвае плённае супрацоўніцтва і прыязнае сяброўства.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця