Пошук

30.06.2022 11:11   Паводле: Vatican News / Фота: Стоп-кадры з прамой трансляцыі / KTOTV Télévision Catholique / Catholic.by

29 чэрвеня ў ватыканскай базыліцы святога Пятра адбылася Эўхарыстыя з нагоды ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла, у якой узяў удзел Папа Францішак.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, цэлебрацыю ўзначаліў кардынал Джаванні Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. Падчас літургіі Пантыфік благаславіў паліі для 44-х арцыбіскупаў Мітрапалітаў, прызначаных на працягу апошняга года, у тым ліку для Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, які канцэлебраваў урачыстую Эўхарыстыю ў базыліцы святога Пятра.

У прамоўленай гаміліі Святы Айцец звярнуў увагу на літургічнае чытанне з Дзеяў Апосталаў пра цудоўнае вызваленне Пятра з вязніцы і на скіраваныя да яго словы анёла Пана: «Уставай хутчэй!» (Дз 12,7).

Паводле Пантыфіка, хрысціянская супольнасць таксама паклікана «хутка ўстаць, каб увайсці ў дынаміку ўваскрасення і дазволіць Пану весці сябе па шляхах, якія Ён хоча ўказаць».

Папа заклікаў «скіраваць позірк да новых даляглядаў, адкрытага мора», не быць «зняволенымі ў вязніцы прызвычаенасцяў, спалоханымі пераменамі і навязанымі на ланцуг нашых звычаяў», бо гэта вядзе да «духоўнай пасрэднасці» і гасіць місійны запал. Такім чынам вера можа ператварыцца ў фармалізм, рэлігію цырымоній і абрадаў, знешніх аздабленняў і прымітыўных суцяшэнняў, — папярэдзіў Святы Айцец.

«Сінод, які мы перажываем, кліча нас стаць Касцёлам, які ўстае, а не замыкаецца ў сабе; які здольны глядзець шырэй, выйсці з уласных вязніц, каб ісці насустрач свету», — сказаў Пантыфік.

Каментуючы словы апостала Паўла, які, падсумоўваючы сваё жыццё, сказаў, што «змагаўся ў добрай барацьбе» (2 Цім 4, 7), Святы Айцец нагадаў, што кожны ў Касцёле пакліканы станавіцца місійным вучнем: не быць пасіўным гледачом, а рабіць свой унёсак. «Сінадальны Касцёл значыць наступнае: удзельнічаюць усе, ніхто не займае месца іншых і ніхто не знаходзіцца па-над іншымі», — дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён заўважыў, што абвяшчэнне Евангелля — гэта сапраўдная барацьба, бо яно не прадугледжвае кампрамісу з логікай свету, але запальвае вагонь Божага Валадарства там, дзе пануюць чалавечыя механізмы ўлады, зла, насілля, карупцыі, несправядлівасці, маргіналізацыі. Папа заклікаў «не замыкацца ў нашых касцёльных колах і не прывязвацца да нашых бясплённых дыскусій», але дапамагаць адно аднаму станавіцца закваскай у свеце.

«Разам мы можам і павінны клапаціцца пра чалавечае жыццё, пра ахову стварэння, пра годнасць працы, пра праблемы сям’і, пра цяжкую сітуацыю пажылых і пакінутых, бежанцаў і тых, хто ўпаў у роспач. Словам, мы павінны быць Касцёлам, які развівае культуру клопату, спачування да слабых і барацьбы супраць усіх форм дэградацыі, у тым ліку нашых гарадоў і месцаў, якія наведваем, каб радасць Евангелля заззяла ў жыцці кожнага: гэта наша „добрая барацьба“», — сказаў Пантыфік.

Напрыканцы гаміліі Папа Францішак прывітаў новых арцыбіскупаў-мітрапалітаў, а таксама дэлегацыю Канстанцінопальскага Патрыярхату, заклікаючы «крочыць разам», бо толькі разам «можам быць зернем Евангелля і сведкамі братэрства».

Як зазначае Vatican News, з 2015 года Папа больш не накладае паліі новым арцыбіскупам Мітрапалітам, як гэта адбывалася раней. Згодна з рашэннем Францішка, гэты абрад здзяйсняюць Апостальскія нунцыі ў дыяцэзіях, дзе служаць новапрызначаныя іерархі. У Рыме Пантыфік толькі ўручае ім гэты атрыбут літургічнага адзення Мітрапаліта. Цырымонія па традыцыі праходзіць ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла. Перад ёй паліі ўскладаюцца на магілу святога Пятра, што знаходзіцца пад галоўным алтаром ватыканскай базылікі.

 

 

Абноўлена 01.07.2022 11:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця