
У нядзелю 12 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, у Ішкалдзі адзначылі парафіяльны адпуст і 550-гадовы юбілей тутэйшага касцёла.
Ішкалдзь — старадаўняе мястэчка гістарычнай Навагрудчыны. Да нашага часу тут захавалася адна з найбольш старажытных каталіцкіх святынь Беларусі — гатычны касцёл Найсвяцейшай Тройцы.

Святыня была закладзена ў 1449 годзе. Яе пабудова працягвалася даволі доўга і была завершана толькі ў 1472 годзе. Гатычны касцёл быў пасвячаны ў гонар Найсвяцейшай Тройцы.
Лёс адной з самых старажытных каталіцкіх святынь нашай Бацькаўшчыны, што захавалася да нашага часу, складаўся няпроста.
Пры жыцці Мікалая Радзівіла Чорнага, у 2-й палове XVI стагоддзя, касцёл быў перададзены кальвіністам, але ў 1641 годзе вернуты католікам. Сакральны будынак пацярпеў падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй у сярэдзіне XVII стагоддзя.
Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863–1864 гадах, як і многія іншыя каталіцкія касцёлы, быў закрыты, а ў 1868 годзе перададзены праваслаўным вернікам і пераасвячаны ў царкву Святой Тройцы. У гатычным касцёле расійскімі акупантамі быў пастаўлены іканастас, па-варварску надбудаваны дзве цыбулепадобныя галоўкі. У 1921 годзе святыня зноў стала каталіцкай.
Пасля 1945 года касцёл у Ішкалдзі быў закрыты і стаяў пусты да канца 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Злачынныя савецкія ўлады імкнуліся стварыць з Божага дома збожжасховішча, але тутэйшыя вернікі адстаялі сваю святыню, якая, нарэшце, хоць і разрабаваная «будаўнікамі светлай будучыні», здольнымі толькі на знішчэнне, была вернута парафіі. У 1980-х гадах касцёл быў адноўлены і з тых часоў з’яўляецца знакам прысутнасці адзінага ў Тройцы Бога сярод свайго вернага народа.

Сёлета тутэйшыя вернікі і іх нашчадкі з розных мясцін Беларусі сабраліся на адпустовую ўрачыстасць у родную святыню, каб адзначыць 550-гадовы юбілей славутага касцёла. Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец.
Менавіта тут, у ішкалдскай парафіі, найстарэйшы беларускі іерарх у далёкім 1984 годзе распачаў шлях свайго святарскага служэння.
Як свайго духоўнага айца віталі біскупа мясцовыя вернікі. Разам з ім у адпустовай урачстасці ўзяў удзел ксёндз канонік Ігар Лашук, які сам паходзіць з ішкалдскай парафіі.

У прамоўленай падчас Эўхарыстыі гаміліі біскуп Велікаселец нагадаў словы класіка пра тое, што змяняюцца кіраўнікі, разбураюцца імперыі, а святая Імша нязменна адбываецца, як і стагоддзі таму.
У шчырых і простых словах іерарх нагадаў пра жыццёвую неабходнасць моцна трываць у веры і ва ўсіх абставінах захоўваць вернасць Хрысту і Яго святому Касцёлу, які ніколі не перамогуць «брамы пекла».
На заканчэнне святой Імшы вакол старадаўняга касцёла адбылася Эўхарыстычная працэсія. За Хрыстом у Найсвяцейшым Сакрамэнце аднадушны ішлі прадстаўнікі розных пакаленняў — старэйшыя, дарослыя і малыя, гатовыя пераняць у спадчыну найкаштоўнейшы скарб: хрысціянскую веру і пабудаваную іх слаўнымі і вольнымі продкамі святыню.













































