Пошук

08.08.2022 18:49   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

5–6 жніўня ў санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі ў Росіцы адбыліся ўрачыстасці ў гонар благаслаўлёных мучанікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча — святароў марыянаў, якія загінулі разам са сваёй паствай у лютым 1943 года.

Сёлета на ўрачыстасці ў Росіцу пешкі прыйшлі 105 пілігрымаў з Друі — месца, з якім былі асаблівым чынам звязаныя лёсы росіцкіх мучанікаў. У друйскім кляштары марыянаў жадаў праходзіць навіцыят Антоній Ляшчэвіч, пра што адзначыў у сваёй просьбе аб прыняцці яго ў кангрэгацыю, і хоць гэта не ўдалося з-за палітычных завірух таго часу, аднак менавіта з Друі святар выехаў на місію ў Росіцу.

У Друі ксёндз Юрый Кашыра вучыўся ў гімназіі, тут прайшоў навіцыят, у друйскім касцёле 23 чэрвеня 1935 года цэлебраваў прыміцыйную святую Імшу і тут займаўся выхаваннем моладзі. З Друі ксёндз Юрый Кашыра быў выгнаны разам з трыма іншымі святарамі марыянамі толькі за тое, што яны былі беларусамі і жадалі абвяшчаць Евангелле на роднай мове. Зноў святар апынуўся ў Друі ў ліпені 1942 года і адтуль выехаў на місію ў Росіцу.

Пілігрымаў пры ўваходзе у святыню сустрэў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які шчодра акрапіў іх асвячонай вадой.

Вітаючы тых, хто ў спёку прайшоў 90 кіламетраў, заслужаны іерарх пажадаў ім мець сапраўдную, а не штучную веру.

Падчас Імшы для пілігрымаў адбыўся хрост маленькага Міхаіла Руткевіча. Яго маці хадзіла ў Росіцу ў пілігрымках, а цяпер пажадала, каб хрысціянская ініцыяцыя яе сына адбылася менавіта ў росіцкім санктуарыі.

Традыцыйна на ўрачыстасцях у Росіцы праходзць набажэнствы Грэка-Каталіцкай Царквы. Увечары адбыўся акафіст росіцкім мучанікам, а раніцай 6 жніўня служылася Боская Літургія паводле ўсходняга абраду. Узначаліў цэлебрацыі архімандрыт Сяргей Гаек, марыянін, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў.

Малітоўнай засяроджанасці ў Росіцы спрыяюць цішыня і хараство, створанае рукамі нястомнага росіцкага працаўніка — ксяндза Чэслава Курэчкі МІС. Дзякуючы яму тут з вясны да позняй восені буяе вялікая колькасць кветак. А яшчэ тут шмат буслоў, якія, здаецца, імкнуца ахінуць сваімі шырокамі крыламі гэтае незвычайнае месца, што з месца болю і пакутаў нявінных ахвяраў ператварылася ў месца малітвы, любові і прабачэння.

Цэлебрацыю Імшы апоўначы ўзначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч, які працягнуў ў сваёй гаміліі тэму веру. Іерарх адзначыў, што, дабравольна прыняўшы смерць разам за сваёй паствай, благаслаўлёныя Юрый і Антоній пацвердзілі словы Езуса Хрыста: «Няма большай любові, як аддаць жыццё за сваіх братоў». Іерарх падкрэсліў, што «помнік, які пабудавалі сабе росіцкія мучанікі, сягае да неба, бо яны сёння знаходзяцца ў нябеснай хвале».

Кульмінацыяй урачыстасцяў стала працэсія ўначы на пляц мучаніцтва, дзе высока ў неба ўздымаецца вялізны крыж, перад якім у пашане схілілі калені святары і вернікі. Трапяткія агеньчыкі паходняў і свечак у руках пілігрымаў асвяцілі начную цемру Росіцы, нібы нагадваючы пра душы загінулых у жахлівыя дні лютага 1943.

«Няхай кроў тых, хто тут загінуў, дастукаецца да нашых сэрцаў; няхай нагадае праўду, што іх смерць была вынікам памылковага разумення сябе самога і Бога; няхай заахвоціць нас шукаць тую праўду, якую нам перадаў Езус, і няхай гэтая праўда сапраўды ўчыніць нас свабоднымі», — сказаў на пляцы мучаніцтва біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Пастыр нагадаў, што «жыццё чалавека, прасякнутае Божай праўдай, змяняе аблічча гэтай зямлі», і заахвоціў усіх прысутных ісці гэтым шляхам.

Біскуп Буткевіч узначаліў цэлебрацыю Імшы раніцай 6 жніўня, у свята Перамянення Пана. У прамоўленай гаміліі іерарх адзначыў, што Росіца з’яўляецца вобразам вернасці свайму пакліканню. Пастыр Віцебскай дыяцэзіі заклікаў удзельнікаў урачыстасці вучыцца такой вернасці, прыклад якой далі благаслаўлёныя мучанікі Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа