Пошук

04.08.2022 08:00   Паводле: Svjazep.org / Фота: Svjazep.org / Catholic.by

3 жніўня пасля ранішняй святой Імшы ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Браслаўскі раён), у дарогу да Росіцы (Верхнядзвінскі раён) вырушлі 90 пілігрымаў.

За тры дні яны пешкі пераадолеюць каля васьмідзесяці кіламетраў і возьмуць удзел ва ўрачыстасцях у гонар благаслаўлёных святароў марыянаў Антонія і Юрыя, мучанікаў Другой сусветнай вайны.

Як паведамляецца на сайце мінскай грэка-каталіцкай парафіі святога праведнага Язэпа Svjazep.org, у Друі знаходзіўся кляштар беларускіх марыянаў, з якога ў Росіцу на нялёгкую місію ваеннага часу прыехалі святары Антоні Ляшчэвіч і Юрый Кашыра.

Там 17 і 18 лютага 1943 года разам са шматлікімі жыхарамі наваколля яны загінулі мучаніцкай смерцю ад рук нацысцкіх карнікаў.

Асаблівае благаслаўленне для пілігрымаў, якія ідуць з Друі ў Росіцу, даслаў з Рыма Генеральны настаяцель марыянаў ксёндз Анджэй Пакула МІС.

У лісце, адрасаваным адказнаму за пілігрымку ксяндзу Іллі Саўчанку МІС, Генеральны настаяцель, між іншым, піша: «Традыцыйная пілігрымка з Друі ў Росіцу ў гэтым годзе з’яўляецца часткай святкавання Юбілею 350-годдзя Ордэна марыянаў.

Няхай праз малітвы благаслаўлёных мучанікаў Антонія і Юрыя гэтая пілігрымка стане для ўсіх удзельнікаў часам плённага асэнсавання спадчыны Друі і Росіцы і духоўнага подзвігу на шляху веры, надзеі і любові.

Табе, ойча Ілля, марыянам, якія служаць пілігрымам, і ўсім пілігрымам шлю з Рыму благаслаўленне і запэўніваю аб духоўнай еднасці ў малітве», — напісаў ксёндз Анджэй Пакула МІС.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа