
У нядзелю 17 ліпеня ў вёсцы Баравікоўшчына, што на Валожыншчыне, непадалёк ад Івянца, ушанавалі памяць благаслаўлёных Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня, айцоў францішканаў, якія прынялі мучаніцкую смерць у гады Другой сусветнай вайны.
Цэлебрацыю святой Імшы на месцы іх мучаніцтва ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
У супольнай малітве бралі ўдзел францішкане з івянецкага кляштара святога Антонія разам з парафіянамі з Івянца і Пяршаяў, моладзь з Удзела з душпастырам (Віцебская дыяцэзія), скаўты з парафій святога Міхала Арханёла з Івянца і святога Яна Евангеліста і Максімільяна Марыі Кольбэ з Мінска разам са сваім душпастырам, а таксама шматлікія госці.

У прамоўленай падчас Эўхарыстыі гаміліі арцыбіскуп Станеўскі падкрэсліў вялікую каштоўнасць сведчання францішканскіх мучанікаў, чыя ахвяра і вернасць стала для іхніх парафіянаў і наступных пакаленняў вернікаў жывым увасабленнем Евангелля
«Гэтае сведчаннне і для сучасных католікаў з’яўляецца запрашэннем і нагодай да ўзаемнай любові, якая выяўляецца ва ўчынках і будуе еднасць супольнасці», — падкрэсліў іерарх.

Урачыстую Літургію, да якой дзякуючы трансляцыі на «Радыё Марыя» маглі духоўна далучыцца вернікі з усёй Беларусі і з-за мяжы, упрыгожыў спевам беларускі хор парафіі святога Міхала Арханёла з Івянца.
Пасля Эўхарыстыі дзеці і моладзь івянецкіх парафій прадставілі тэатралізаваную гісторыю жыцця і мучаніцтва благаслаўлёных францішканаў Ахілеса і Германа.

Трагічныя падзеі здарыліся ў Баравікоўшчыне падчас Другой сусветнай вайны. Пасля паўстання ў Івянцы, 19 ліпеня 1943 года нацысцкія карнікі зняволілі каля 300 жыхароў Пяршаеў з намерам забіць іх. Аднак яны расстралялі толькі схопленых разам з іншымі святароў: айца Ахілеса Пухалу OFMConv і айца Германа Стэмпеня OFMConv, а астатніх затрыманых адправілі на прымусовыя работы.
Забітыя францішкане былі беатыфікаваны ў групе 108-і мучанікаў Другой сусветнай вайны 13 чэрвеня 1999 года ў Варшаве Папам Янам Паўлам II.
На месцы расстрэлу святароў у Баравікоўшчыне ўзведзена палявая капліца, якая рэгуляпрна становіцца месцам малітвы для мясцовых парафіянаў і пілігрымаў. Рэліквііі францішканаў мучанікаў спачываюць у касцёле святога Юрыя ў суседніх Пяршаях.















































