Пошук

18.07.2022 15:06   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Увечары 16 ліпеня, у першы дзень фэсту ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Гудагаі, прайшло набажэнства Крыжовага шляху па самай вялікай Кальварыі ў нашай краіне.

Сёлетнія ўрачыстасці праходзілі ў 15-ю гадавіну каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі папскімі каронамі, якую здзейсніў 15 ліпеня 2007 года кардынал Казімір Свёнтэк.

Пакутнае набажэнства ўвечары ў суботу стала мясцовай традыцыяй. Сёлета Крыжовы шлях падчас Гудагайскага фэсту прайшоў ужо ў 13-ы раз.

Узначаліў набажэнства Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Распачынаючы Крыжовы шлях, ён заахвоціў удзельнікаў прайсці яго ў засяроджанасці, без непатрэбных размоў, дапамагаючы тым, каму будзе асабліва цяжка ў дарозе. Поплеч з біскупам Касабуцкім ішлі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і найстарэйшы беларускі іерарх біскуп Казімір Велікаселец.

Крыжовы шлях, які працягнуўся на тры з паловаю кіламетры па моцна перасечанай мясцовасці, дае магчымасць асаблівым чынам перажыць разважанні над апошнімі гадзінамі жыцця і смерцю Збаўцы.

Падчас Крыжовага шляху, у якім сёлета бралі ўдзел да тысячы чалавек, святары служылі сакрамэнтам паяднання, і многія скарысталіся гэтай магчымасцю, каб паспавядацца і пакутаваць за свае грахі.

Людзі падтрымлівалі адно аднаго, калі трэба было ісці па гразкіх пасля дажджу палявых сцежках, сярод карэння, абмінаць вялікія валуны па дарозе, уздымацца на крутыя пагоркі. Аднак пераадоленне фізічных складанасцяў на Кальварыі духоўна ўмацоўвае, дапамагае ачысціцца ад маральнага бруду і загартоўвае ў змаганні з грахоўнымі спакусамі.

Абноўлена 18.07.2022 15:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа