25 чэрвеня ў смаргонскай парафіі святога Міхала Арханёла, дзе нясуць служэння ксяндзы салезіяне, дыякан Міхаіл Радзевіч SDB з рук арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.
Як павеламляецца на сайце салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, на радасную падзею сабралася прадстаўнікі ўсёй мясцовай салезіянскай сям’і: святары салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі.
Таксама на свяце прысутнічалі святары з іншых манаскіх супольнасцяў, родныя і сябры дыякана, шматлікія вернікі, якія добра ведаюць Міхаіла, і, канечне, дзеці і моладзь.
З уступным словам да прысутных перад пачаткам Эўхарыстыі звярнуўся новы рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Ён прывітаў дыякана Міхаіла, арцыбіскупа Кандрусевіча, сабратоў салезіянаў, святароў, усю салезіянскую сям’ю і моладзь, а асаблівым чынам сям’ю і родных дыякана Міхаіла. Ксёндз Павел адзначыў, што сёння прысутыя «стануць сведкамі вельмі радаснай, але, на жаль, вельмі рэдкай у апошні час падзеі — нараджэння новага святара. Таксама настаяцель звярнуўся да арцыбіскупа з просьбай ахвяраваць гэтую святую Імшу ў інтэнцыі сабрата Міхаіла Радзевіча, просячы для яго Божага благаслаўлення і апекі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў на яго салезіянскім і святарскім шляху служэння.
Пасля чытанняў Божага слова дэлегат засведчыў перад біскупам і народам, што супольнасць лічыць дыякана Міхаіла годным прыняцця сакрамэнту святарства.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што сённяшняя падзея сведчыць аб вялікай міласэрнасці Бога да нас, бо яшчэ трыццаць гадоў таму на гэтым месцы не было ніводнага святара, а касцёл быў зачынены. Цяпер жа тут служыць цэлая салезіянская супольнасць і яшчэ адзін сын смаргонскай зямлі мае ласку далучыцца да кагорты працаўнікоў на ніве Панскай. Іерарх падзякаваў сям’і дыякана Міхала за выхаванне, парафіяльнай супольнасці — за падтрымку і малітву падчас падрыхтоўкі да святарства.
«Прымаючы прэзбітарскае пасвячэнне, чалавек не змяняецца фізічна, не змяняюцца рысы ягонага характару, але ад гэтага часу ён мае моц перамяняць хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста, а таксама можа адпускаць грахі, ён становіцца другім Хрыстом!» — падкрэсліў арцыпастыр.
Ён адзначыў, што, становячыся святаром, чалавек прымае на сябе заданне абвяшчаць Божае Слова, якое «чыніць цуды, якое перамяняе жыццё і робіць святымі грэшнікаў.
Наступным заданнем для святара з’яўляецца асвячэнне людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў: бачных знакаў, праз якія мы атрымліваем нябачную Божую Ласку. Трэцяе заданне святара — кіраваць народам Божым, кіраваць у служэнні, каб разам будаваць Божае Валадарства», — дадаў арцыбіскуп.
Заслажаны іерарх папярэдзіў маладога салезіяніна, што спакусы гэтага свету не абмінуць яго, што да яго прыдуць шматлікія цяжкасці. «Але ўсё гэта можна перамагчы малітвай, усё гэта можна перамагчы абсалютным даверам да Езуса Хрыста, які цябе паклікаў, які цябе праз паслугу біскупа ўстанаўлівае святаром Новага Запавету», — падбадзёрыў ён кандыдата перад пасвячэннем.
Арцыпастыр адзначыў, што дыякан Міхаіл становіцца святаром у асаблівы час, калі салезіянскае таварыства на Беларусі адзначае стагоддзе сваёй прысутнасці на нашых землях. Іерарх пажадаў, каб святары салезіяне, якія неслі тут сваю паслугу на працягу гэтых ста гадоў, сталі сапраўдным прыкладам для новапрэзбітэра.
«Памятай аб тым, да якой годнасці сёння Езус Хрыстус узносіць цябе; памятай аб тых абавязках, якія Бог ускладае на цябе; памятай аб тых складанасцях, з якімі давядзецца спаткацца, але памятай і аб тым, што калі Бог з намі, то хто супраць нас! Няхай споведзь, няхай шчырая малітва, няхай апека Марыі Успамогі Хрысціянаў дапамогуць табе вытрываць у гэтым пакліканні, у служэнні як законніка і як святара; вытрываць у служэнні паводле харызмы святога Яна Боско, каб салезіянская супольнасць дзякуючы твайму служэнню стала яшчэ мацнейшай. Каб яна была на пярэдняй лініі фронту адраджэння нашай веры на Беларусі і каб Беларусь зноў стала крыніцай жывой хрысціянскай каталіцкай веры і вяла ўсіх людзей да збаўлення», — такім пажаданнем завяршыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сваю гамілію.
Пасля настаў кульмінацыйны момант пасвячэння ў прэзбітэрскі стан: дыякан перад усімі сабранымі вернікамі выказаў намер выконваць абавязкі святара згодна з навукай Хрыста і Касцёла. Кадыдат падышоў да арцыбіскупа і ўклаў свае складзеныя рукi ў ягоныя далоні. Гэты жэст падкрэслівае поўнае адданне сваёй волі ў рукі святой Маці Касцёла.
Потым дыякан Міхаіл лёг ніцма перад алтаром, а ўсе прысутныя прамовілі словы літанii да жыхароў неба, просячы аб заступніцтве ўсіх святых для новага святара. Калі завяршылася літанiя, арцыбіскуп усклаў свае рукі на галаву кандыдата, за ім гэта зрабілі ўсе прысутныя святары. Ускладанне рук з’яўляецца момантам перадачы Духа Святога новаму прэзбітэру. Далей біскуп прачытаў кансэкрацыйную малітву, пасля чаго ўжо ксёндз Міхаіл Радзевіч SDB апрануў стулу і арнат і заняў месца сярод сваіх сабратоў пры алтары, каб цэлебраваць першую ў сваім жыцці Эўхарыстыю.
Пасля святой Імшы сабраныя віншавалі новага святара. Ад імя ўсіх сабратоў салезіянаў прамовіў дэлегат ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Ён пажадаў свайму сабрату быць сапраўдным мужчынам на сваім святарскім шляху, жыць па правілах і ісці да пастаўленых мэтаў, збіраючы маленькія перамогі.
«Няхай прыкладам для цябе будзе наш заснавальнік, святы Ян Боско, які не зрабіў ніводнага кроку, не прамовіў ніводнага слова, не прыклаў рукі ні да якой справы, якія б не былі скіраваныя на збаўленне моладзі», — пажадаў настаяцель.
Павіншавалі новага святара таксама сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, суполка ADMA, моладзь, а таксама родныя і блізкія.
Нарэшце, узяў слова і новапрэзбітэр Міхаіл Радзевіч. Ён падзякаваў Богу за дар паклікання, бацькам і родным за выхаванне ў праўдах веры, арцыбіскупу Кандрусевічу за ўдзелены сакрамэнт і сапраўдны прыклад святарскага жыцця, сабратам салезіянам, якія дапамагалі і выхоўвалі яго падчас фармацыі, таксама сёстрам салезіянкам і ўсёй салезіянскай сям’і.