Пошук

19.07.2024 14:14   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: кс. Артур Ляшнеўскі SDB / Catholic.by

19 ліпеня каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй абвясціў аб прызначаэнні Папам Францішкам новага дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі, якім стаў ксёндз канонік Андрэй Зноска.

Абвяшчэнне адбылося ў прысутнасці самога біскупа наміната ў сімвалічным месцы: у смаргонскім касцёле святога Міхала Арханёла, Апекуна Касцёла на Беларусі, адной з найстарэйшых святыняў у Беларусі.

Перад тым, як абвясціць аб прызначэнні, наймалодшы дагэтуль у беларускім каталіцкім епіскапаце іерарх адзначыў, што гэты год «багаты на розныя жыццёвыя і касцёльныя падзеі».

«Гэтыя падзеі напоўнены вялікімі і меншымі надзеямі, вялікімі і меншымі радасцямі. У Езусе Хрысце яны набываюць глыбокі змест і сэнс! У гэты момант Касцёлу, які сабраўся ў касцёле святога Міхала Арханёла, апекуна нашага Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, хачу абвясціць рашэнне Святога Айца», — сказаў біскуп Гуляй і пасля гэтага прачытаў паведамленне Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі.

Потым, звяртаючыся да біскупа наміната Зноскі, іерарх павіншаваў свайго новапрызначанага сабрата, выказаўшы яму найлепшыя пажаданні.

«Няхай святло і моц Духа Святога суправаджаюць Вашу Эксцэленцыю ў выкананні новых заданняў, каб яны прынеслі благаслаўлёны плён для ўсяго Касцёла! Радуемся разам з усім Касцёлам у Беларусі, асабліва з вернікамі Пінскай дыяцэзіі, што маем новага маладога наступніка Апосталаў — сына гродзенскай зямлі і гродзенскага Касцёла. Для нас, для нашай дыяцэзіі, гэта радасць, гонар і заданне», — адзначыў біскуп каад’ютар Гуляй,заахвоціўшы прысутных падтрымліваць служэнне новага біскупа сваёй малітвай. Ён дадаў, што разам з біскупам намінатам яны кіруюцца ў пілігрымцы ў Браслаў, да Маці Божай Валадаркі Азёраў, дзе сёння распачынаюцца агульнабеларускія Дні моладзі, і Яе апецы, а таксама заступніцтву святога Арханёла Міхала даручыў свайго малодшага сабрата.

Пасля да сабраных у святыні звярнуўся новапрызначаны біскуп намінат, які перадусім падзякаваў Богу за тое, што вядзе яго па жыцці шляхам паклікання.

«На гэтым шляху ўвесь час адбываюцца неспадзяваныя павароты. З гродзенскай катэдры я скіраваўся на вучобу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у Мінск. Ад студэнцкага жыцця быў пакліканы на служэнне пробашчам у Лідзе. І вось чарговы паварот…» — сказаў біскуп намінат Зноска.

Ён выказаў падзяку Папу Францішку і прэзбітэрыю Гродзенскай дыяцэзі на чале з біскупамі за падтрымку, асаблівым чынам адзначыўшы, што ў момант абвяшчэння рашэння Святога Айца ў святыні былі двое яго аднакурснікаў па гродзенскай alma mater — ксёндз канонік Антоній Казлоўскі і ксёндз Юрый Церабей.

«Мае спадзяванні, звязаныя з новым служэннем, даручаю Маці Божай Лагішынскай і святому Андрэю Баболю, Апекунам Пінскай дыяцэзіі, каб я быў добрым супрацоўнікам для біскупа Антонія Дзям’янкі», — адзначыў новапрызначаны дапаможны біскуп. Ён прызнаўся, што біскуп Антоній быў першым ксяндзом, якога ён убачыў у сваім свядомым жыцці. Як пробашч у Навагрудку, менавіта будучы Пінскі біскуп рыхтаваў свайго будучага сабрата да Першай Камуніі і да сакрамэнту канфірмацыі.

«Ад яго я навучыўся, як ксёндз павінен выглядаць, хадзіць, размаўляць. Спадзяюся, што цяпер біскуп Антоній дапаможа мне рабіць першыя крокі на шляху майго біскупскага служэння», — падзяліўся з прысутнымі біскуп намінат Андрэй Зноска.

 

Абноўлена 19.07.2024 14:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.