Пошук

27.06.2022 16:01   Catholic.by

У нядзелю 26 чэрвеня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Заневічах (Бераставіцкі дэканат, Гродзенская дыяцэзія), дзе ўшанаваў памяць двух спачылых святароў — ксяндза прэлата Ежы Стэцкевіча і ксяндза Казіміра Жыліса SI.

У заневіцкай святыні заслужаны іерарх узначаліў цэлебрацыю нядзельнай святой Імшы ў і благаславіў дзве мемарыяльныя дошкі, усталяваныя ў гонар святароў, адзін з якіх з’яўляецца ўраджэнцам тутэйшай парафіі, а другі шмат зрабіў для пастырскай апекі і аднаўлення рэлігійнага жыцця ў Заневічах.

У гаміліі арцыпастыр засяродзіўся на чытаннях 13-й Звычайнай нядзелі, прысвечаных тэме паклікання і адказу на яго.

Прыкладам безумоўнай адданасці і вернасці пакліканню, паводле арцыбіскупа Кандрусевіча, былі святары Казімір Жыліс і Ежы Стэцкевіч.

«Ксёндз Казімір Жыліс быў езуітам, і калі ў Беларусі адчуваўся вялікі недахоп святароў, ён прыехаў служць у Індуру. Пры гэтым абслугоўваў шмат іншых парафій, у тым ліку і асірацелую пасля смерці ксяндза Юзафа Мацяўеўскага каталіцкую супольнасці у Заневічах.

Ён клапаціўся не толькі пра матэрыяльны стан давераных яго апецы касцёлаў, але перадусім пра духоўнае дабро душаў і пра справу паклікання.

З-пад яго рукі выйшаў не адзін святар, у тым ліку і сённяшні Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт арцыбіскуп Юзаф Станеўскі», — адзначыў арцыпастыр. Ён таксама заўважыў, што ксёндз Жыліс першым распачаў відэадакументацыю адраджэння Касцёла на Беларусі, стварыўшы «неацэнную хроніку гэтага працэсу».

Іерарх нагадаў, што заневіцкая парафія — гэта родная парафія двух блізнятаў-святароў: Папскіх прэлатаў Ежы і Андрэя Стэцкевічаў. Ксёндз Андрэй Стэцкевіч таксама браў удзел у святой Імшы.

«Ксёндз Ежы ў 1991 годзе, а ксёндз Андрэй у 1993 годзе прыехалі працаваць у Расію. Ксёндз Ежы прысвяціў сваё служэнне адраджэнню Касцёла ў Калінінградзе і Калінінградскай вобласці. Дзякуючы яму ў Калініградзе быў пабудаваны касцёл святога Адальбэрта (Войцеха) і комплекс будынкаў пры ім. Ён заснаваў Тэалагічны каледж, выдавецтва, мясцовую структуру Caritas, арганізоўваў пілігрымкі да меркаванага месца мучаніцкай смерці святога Адальбэрта і шмат іншага. Гэты руплівы душпастыр стаў жывой іконай Касцёла ў Калініградскім рэгіёне, паважаным не толькі католікамі, але і ў асяроддзі вернікаў іншых веравызнанняў і ў грамадзянскай супольнасці.

Ксёндз Ежы таксама паспрыяў адраджэнню Касцёла на Беларусі. Часта прыязджаў, дапамагаў аднаўляць касцёл у Заневічах, разам з братам Андрэем пабудаваў капліцу ў гонар заснавальніцы кангрэгацыі сясцёр Езуса Змёртвыхпаўсталага благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай у Абрамшчыне непадалёк ад Заневічаў і зрабіў яшчэ шмат іншых добрых спраў на ніве Пана», — адзначыў унёсак святара арцыбіскуп.

Ён дадаў, што святары Казімір Жыліс і Ежы Стэцкевіч пакінулі як заўважны матэрыяльны, так і глыбокі духоўны след у справе адраджэння Касцёла на Беларусі.

«Яны верна і да канца служылі Богу, Касцёлу і вернікам, пакуль хвароба каранвірусу не стала прычынай іх смерці. Ксёндз Казімір памёр у Варшаве і там пахаваны. Ксёндз Ежы памёр у Калініградзе і пахаваны пры пабудаваным ім касцёле святога Адальбэрта ў Калінінградзе. Удзячныя за яго ахвярную працу вернікі напісалі на помніку на яго магіле вельмі прыгожыя і кранальныя словы на рускай мове: „Ушёл, чтобы остаться“.

Ксёндз Казімір і ксёндз Ежы адышлі, каб застацца ва ўдзячнай памяці людзей. Няхай мемарыяльныя дошкі ў іх памяць нагадваюць аб нашым абавязку адказваць „так“ на кожны Божы заклік і заставацца вернымі свайму пакліканню, бо ў гэтым наша шчасце, а добры і міласэрны Бог прыме ў сваё Валадарства», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа