Пошук

14.03.2023 10:20   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У панядзелак 13 сакавіка адбылося пахаванне спачылай мамы Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага Гэлены Станеўскай, якая адышла ў вечнасць у велікапосную пятніцу 10 сакавіка.

Пахавальная святая Імша цэлебравалася ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах (Гродзенская дыяцэзія, Бераставіцкі дэканат). Развітацца са спачылай, якая выгадавала арцыпастыра, прыбылі Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама каля паўтары сотні святароў з усіх дыяцэзій Беларусі, прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім візітатарам архімандрытам Сяргеем Гаекам, дзясяткі кансэкраваных асоб і шматлікія вернікі, пераважна з наваколля і з Гродна.

Узначаліў цэлебрацыю, якая распачалася Ютранню за памерлую, малодшы сын спачылай Гэлены арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Вітаючы прысутных у святыні, ён патлумачыў, што, хоць іх роднай парафіяй з’яўляюцца суседнія Заневічы, аднак там святыня настолькі маленькая, што большасць людзей у ёй бы проста не змясцілася, як гэта адбылося 11 гадоў таму, калі там развітваліся з памерлым татам іерарха Рамуальдам. Арцыбіскуп дадаў, што касцёл у Вялікіх Эйсмантах таксама быў блізкі для яго матулі, бо калі заневіцкі пробашч ксёндз Юзаф Мацяеўскі з 1946 па 1954 год быў зняволены ў савецкіх лагерах, ёй нярэдка даводзілася бываць тут на святой Імшы.

Пахавальную гамілію прамовіў біскуп Кашкевіч. Шматгадовы пастыр Гродзенскай дыяцэзіі, які ўдзяліў арцыбіскупу Станеўскаму дыяканскае, прэзбітэрскае і біскупскае пасвячэнне, напачатку адзначыў, што «пры труне любай матулі ёсць боль і смутак, але няма роспачы, бо там стаіць крыж як знак нашай веры ва ўваскрашэнне». Іерарх дадаў, што ў гэтую хвіліну ўзнікае жаданне нават праз слёзы падзякаваць Богу за дар жыцця блізкай асобы, за кожны праведзены разам дзень, за ўспаміны, якія назаўжды застануцца ў сэрцы як найкаштоўнейшы скарб».

«Сёння, беручы ўдзел у Эўхарыстычнай Ахвяры, разам з арцыбіскупам Юзафам, яго роднымі і блізкімі, мы жадаем дзякаваць Богу за прыгожае жыццё святой памяці Гэлены», — сказаў біскуп Кашкевіч, заўважыўшы, што яно было няпростым: апаленае вайной дзяцінства, нястача і голад, часы пераследу веры…

«Святой памяці Гэлена вытрывала, не выраклася ні веры, ні традыцый, ані каштоўнасцяў, на якіх была выхавана і якія сталі для яе найкаштоўнейшай спадчынай», — падкрэсліў іерарх. Ён узгадаў таксама Рамуальда Станеўскага, тату арцыбіскупа, які «быў чалавекам глыбокай веры і непахісных прынцыпаў, любіў Бога панад усё і нязломна захоўваў вернасць Касцёлу». Менавіта з такім надзейным чалавекам Бог злучыў лёс спачылай Гэлены, і «так узнікла цудоўная сям’я, у якой сужонкі жылі верай кожны дзень, верна трывалі пры Хрысце і Касцёле, падтрымлівалі адно аднаго і ўмацоўвалі ў цяжкія часы, каб захаваць вернасць тым каштоўнасцям, якія надавалі сэнс іх жыццю». Хоць гэта было «звычайнае і простае жыццё, якое нічым асаблівым не адрознівалася», паводле біскупа, яно было прыгожым і поўным, пазначаным Божым благаслаўленнем.

«Сужонкі Рамуальд і Гэлена пабудавалі сапраўдную сям’ю, моцную Богам. <…> Яны сталі настаўнікамі веры для сваіх дзяцей, а потым — для ўнукаў і праўнукаў», — сцвердзіў пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі.

Напрыканцы святой Імшы свае спачуванні арцыбіскупу Станеўскаму, яго брату і сёстрам, а таксама ўсім родным выказалі прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне Апостальскі нунцый Ёзіч і кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Буткевіч, пасля чаго былі зачытаныя спачуванні ад арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі і ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака.

Дзякуючы ўсім за супольную малітву, арцыбіскуп Станеўскі ўзгадаў, што яго мама вучыла сваіх дзяцей перадусім быць «людзьмі сярод людзей» і што дзякуючы ёй яны ведалі пацеры нават раней за азбуку.

І тады, калі малодшы сын ужо стаў святаром, яна давала яму свае мацярынскія парады, якія адзначаліся простай і пабожнай жыццёвай мудрасцю. Мама таксама ў пажылым узросце цікавілася жыццём Касцёла і перажывала за сына, каб добра справіўся з даручаным яму адказным пастырскім заданнем, суправаджаючы яго сваёй шчырай малітвай.

Пасля абрадаў апошняга даручэння і развітання працэсія на аўтамабілях вырушыла ў Заневічы, дзе ў мясцовай святыні пры труне адбылася малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці.

Там на могілках, што побач з касцёлам, у гадзіну, калі Езус сканаў на крыжы, сярод магіл продкаў і блізкіх спачыла цела Гэлены Станеўскай, каб разам з усімі памерлымі змёртвыхпаўстаць падчас другога прыйсця Збаўцы.

 

Абноўлена 14.03.2023 13:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця