Пошук

27.06.2022 14:38   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

27 чэрвеня пасля двухгадовага каранавіруснага перапынку з Мінска ў Будслаў вырушыла пешая пілігрымка, якую многія з вялікай нецярплівасцю чакалі.

Папярэдняя, 29-я пілігрымка Мінск–Будслаў, праходзіла з 1 па 5 ліпеня 2019 года, а ў наступныя два гады з прычыны пандэміі арганізаваныя пілігрымкі не праводзіліся.

Для ўдзелу ў сёлетняй пілігрымцы зарэгістравалася больш за дзве сотні ахвотных, сярод якіх нямала святароў і манаскіх асоб.

Раніцай у панядзелак яны сабраліся ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі на святой Імшы.

Цэлебрацыю ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх прамовіў гамілію, у якіой звярнуў увагу на цноту паслухмянасці Богу, прыкладам якой для ўсіх хрысціянаў з’яўляецца Найсвяцейшая Панна Марыя. Пасля Эўхарыстыі іерарх благаславіў пілігрымаў, акрапіўшы іх асвячонай вадой і пажадаўшы шчаслівай дарогі.

У панядзелак пілігрымы пераадолеюць 24 кіламетры з прываламі каля сталічных Паўночных могілак і ў Паперні, а ўвечары спыняцца на начлег у Вішнёўцы.

У аўторак удзельнікаў пілігрымкі чакае самы працяглы пераход, які складзе 32 кіламетры з трыма прыпынкамі.

Для гэтага ім давядзецца ўставаць а шостай гадзіне раніцы. На дарогу другога дня пілігрымаў благаславіць арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які раніцай узначаліць для іх цэлебрацыю святой Імшы. Другую ноч пілігрымы правядуць у вёсцы Калачы.

Трэці дзень — 26 кіламетраў і тры прыпынкі на адпачынак па дарозе да парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Альковічы, што на Вілейшчыне. Там іх чакае святая Імша ў касцёле, вячэра і начлег.

Раніцай чацвёртага дня пілігрымы вырушаць у дарогу да парафіі святога Станіслава ў Даўгінаве і пераадолеюць 22 кіламетры. Пасля святой Імшы ў даўгінаўскім касцёле яны скіруюцца на месца начлега, што ў кіламетры ад мястэчка.

Пятніца 1 ліпеня стане апошнім днём пешай пілігрымкі Мінск–Будслаў.

У дарозе, якая складзе 16,5 кіламетраў, пілігрымы правядуць набажэнства Крыжовага шляху, і ў абед дасягнуць мэты свайго вандравання — Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай.

 

Абноўлена 27.06.2022 14:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа