Пошук

20.05.2022 10:32   Паводле: Grodnensis.by

16 мая ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Андрэя Баболі ў Казловічах (дэканат Гродна-Усход) з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ўрачыста адзначылі 100-гадовы юбілей аднаўлення і пасвячэння касцёла.

Як паведамляе Grodnensis.by, у гэты дзень у парафіяльнай супольнасці адзначалася адпустовая ўрачыстасць з нагоды літургічнага ўспаміну нябеснага апекуна святога Андрэя Баболі, святара і мучаніка, апостала Палесся.

Яго рэліквіі з пашанаю ўнёс у касцёл біскуп Кашкевіч, і цяпер вернікі парафіі змогуць заўсёды маліцца перад імі праз заступніцтва святога Андрэя Баболі.

Рэліквіі былі перададзены ў дар казловіцкай парафіі яе былым пробашчам ксяндзом канонікам Андрэем Садоўскім, які цяпер служыць у Беластоцкай архідыяцэзіі ў Польшчы.

Прысутных на ўрачыстасці святароў на чале з дэканам дэканату Гродна-Усход ксяндзом канонікам Паўлам Шанчуком, сясцёр законных, парафіянаў і гасцей прывітаў пробашч ксёндз Яўген Барысюк.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой маліўся ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, за ўсіх, хто прычыніўся да пабудовы і аднаўлення святыні ў Казловічах, і за ўсіх святароў, якія служылі ў гэтай парафіі.

Гамілію прамовіў пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы (дэканат Гродна-Захад) ксёндз Тадэвуш Крыштопік, які сам паходзіць з парафіі ў Казловічах. Святар засяродзіўся на асобе і духоўнай спадчыне святога Андрэя Баболі, які з апостальскай руплівасцю абвяшчаў Евангелле на Палессі.

Біскуп Кашкевіч падзякаваў пробашчу парафіі за клопат аб святыні і даручаных яму верніках, а парафіянам — за трыванне ў веры і прывязанасць да свайго касцёла. Шмат мясцовых парафіянаў сёння жыве ўжо ў Гродне, але цёплыя пачуцці злучаюць іх з роднай парафіяй, таму яны рэгулярна наведваюць не толькі могілкі, дзе пахаваны іх блізкія, але таксама нярэдка ўдзельнічаюць у Імшы ў пабудаваным іх продкамі касцёле.

Іерарх падкрэсліў важнасць перадачы веры наступным пакаленням, каб адчуванне сябе супольнасцю Божых дзяцей не знікла, а вера клапатліва перадавалася дзецям і моладзі.

Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол старадаўняга касцёла з багатай і складанай гісторыяй. Каталіцкая святыня ў часы царызму пэўны час была праваслаўнай царквой, а ў змрочны савецкі перыяд змагання з верай была ператворана ў збожжасховішча і паступова разбуралася. Адраджэнне касцёла пачалося ў 1989 годзе дзякуючы намаганням мясцовых вернікаў. 16 мая 1990 года, у парафіяльную ўрачыстасць святога Андрэя Баболі, тут зноў адбылася святая Імша.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.