Пошук

17.05.2022 17:07   Паводле: Samaranin.by / Catholic.by

16 мая ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску адбылася сустрэча з зоркамі беларускай оперы, якія прадставілі праграму «Ростані».

Як паведамляецца на сайце Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра дабрачыннай місіі Добрага Самараніна Samaranin.by, праграма «Ростані» ўключала беларускую вакальную музыку розных эпох і розных кірункаў.

Барока, класіка, народныя песні выканалі таленавітыя салісты беларускай оперы — Таццяна Гаўрылава і Юрый Гарадзецкі. Партыя фартэпіяна — Паліна Задрэйка.

На сустрэчы з зоркамі оперы прысутнічаў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

«Ростані — месца расстання? Напэўна, так, бо дарогі там разыходзяцца, расстаюцца. Але людзі, якія ходзяць па гэтых дарогах, на ростанях сустракаюцца і знаёмяцца. Ці надоўга? Пра гэта ніхто не ведае, але так склалася, што месца развітання заўсёды становіцца месцам сустрэчы.

Вось і на нашай творчай вечарыне адбыліся сустрэчы: сустрэчы галасоў, сустрэчы эпох, сустрэчы музычных стыляў і кірункаў, а самае галоўнае — сустрэча слухача з выключнымі, радаснымі і шчымлівымі, вядомымі і забытымі, народнымі і прафесійнымі творамі вакальнага мастацтва», — адзначаецца на сайце Цэнтра.

У межах праграмы гучалі канты са славутага зборніка «Полацкі сшытак», арыі з оперы «Фауст», беларускія народныя песні, спевы на словы Адама Міцкевіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Гаруна, Адама Русака, Ніла Гілевіча, Яўгеніі Янішчыц і іншыя творы.

Больш фота з праграмы «Ростані» ТУТ>>>

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця