Пошук

09.05.2022 08:08   Тэкст: кс. Юрый Марціновіч / Фота: Аляксей Ціхан / Grodnensis.by

6 мая ў старадаўнім касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне (пабэрнардынскі касцёл) адбылося пахаванне ксяндза прэлата Ежы Лявінскага, шматгадовага выкладчыка Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, найстарэйшага святара ў нашай краіне.

Як паведамляе Grodnensis.by, заслужаны ў Гродзенскай дыяцэзіі і ўсім Каталіцкім Касцёле ў Беларусі святар адышоў у вечнасць 3 мая ў Доме міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат), куды трапіў з-за пагаршэння стану здароўя днём раней.

Апошнія 32 гады яго дзейнасць была звязана з духоўнай семінарыяй у Гродне, дзе ён жыў і выконваў розныя функцыі.

У найстарэйшай каталіцкай святыні горада на Нёмане сабраліся біскупы і шматлікія святары з усіх беларускіх дыяцэзій.

Прыбылі таксама сёстры законныя, для многіх з якіх ксёндз прэлат ажыццяўляў сакрамэнтальнае служэнне і духоўнае кіраўніцтва, і ўдзячныя свецкія вернікі. Да самай смерці ксёндз Лявінскі кожны дзень наведваў пабэрнардынскі касцёл, дзе дапамагаў святарам у споведзі.

Усе прысутныя дзякавалі Пану за дар жыцця руплівага святара, якога тыя, хто яго ведаў, часта называлі «апосталам Божай міласэрнасці» і «патрыярхам Гродна».

Цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які быў адным з выхаванцаў спачылага святара.

У той час, калі арцыбіскуп Станеўскі быў рэктарам семінарыі ў Гродне, а потым дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі, ён жыў насупраць ксяндза Лявінскага. Суседзі кожны дзень бачыліся і мелі шмат часу на размовы.

Эўхарыстыю канцэлебравалі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч і каля сотні святароў.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп Кандрусевіч, які добра ведаў спачылага. У 1990 годзе, калі ў Гродне з’явілася семінарыя, тагачасны біскуп Кандрусевіч запрасіў ксяндза Лявінскага працаваць у ёй і ўдзельнічаць у фармацыі будучых святароў, якіх на сённяшні дзень выйшла з яе больш за дзве сотні і якія служаць у розных частках нашай краіны і за мяжой.

Арцыбіскуп эмерыт падкрэсліў, што ксёндз Ежы з першых дзён запомніўся як патрабавальны да сябе і да семінарыстаў выхаваўца, шмат сэрца ўклаў у фармацыю будучага духавенства, усталёўваў розныя кантакты, каб навучальная ўстанова магла развівацца і добра функцыянаваць.

На заканчэнне Імшы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што служэнне ксяндза прэлата Лявінскага, якое доўжылася больш за 30 гадоў, упісалася залатымі літарамі ў гісторыю мясцовага Касцёла, пакінула прыгожы і трывалы след у памяці святароў, законных сясцёр, свецкіх вернікаў Гродна і наваколля.

Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч зачытаў спачуванні, дасланыя з нагоды смерці ксяндза прэлата.

Біскуп Сандамірскі (Польшча) Кшыштаф Ніткевіч, да дыяцэзіі якога належаў спачылы, у сваім лісце піша, што дзякуе Богу за ахвярнае служэнне ксяндза Лявінскага ў гэтай дыяцэзіі, і выказвае радасць, што ажыццявілася жаданне ксяндза прэлата спачыць у чаканні дня ўваскрасення сярод людзей, якім ён служыў.

Старшыня Таварыства дапамогі Касцёлу на Усходзе пры Сакратарыяце Канферэнцыі Біскупаў Польшчы біскуп Антоні Пацыфік Дыдыч адзначае, што ксёндз Лявінскі стаяў ля вытокаў заснавання такой важнай і адзінай у тыя часы ўстановы, якой з’яўляецца духоўная семінарыя ў Гродне, і жадаў да самай смерці заставацца сярод тых, каму прысвяціў 32 гады свайго святарскага жыцця, каб даваць ім сведчанне вернасці Богу да канца.

Рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз Віталій Вайцяхоўскі падзякаваў усім удзельнікам літургіі за малітву ў інтэнцыі спачылага.

Рэктар падкрэсліў, што ксёндз Лявінскі назаўсёды застанецца ў памяці семінарыстаў і святароў, якія многім удзячныя яму, а яго смерць — вялікая страта для супольнасці гэтай навучальнай установы і мясцовага Касцёла.

Пасля Імшы пахавальная працэсія скіравалася на старыя каталіцкія могілкі, дзе быў пахаваны ксёндз Ежы Лявінскі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця