Курыя Гродзенскай дыяцэзіі са смуткам паведамляе, што 3 мая ў Доме міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) адышоў у вечнасць ксёндз прэлат Ежы Лявінскі, шматгадовы выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
З 2020 года ксёндз Лявінскі быў найстарэйшым каталіцкім святаром у Беларусі.
Пахаванне спачылага святара адбудзецца ў пятнiцу 6 мая ў касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне (пабэрнардынскім).
Пачатак пахавальнай св. Імшы — 12.00.
Ксёндз прэлат Ежы Мар’ян Лявінскі нарадзіўся 2 студзеня 1930 годзе ў Дзятлаве. Разам з сям’ёй быў вывезены ў Сібір. Вышэйшую духоўную семінарыю скончыў у Сандаміры (Польшча), у тым жа горадзе 29 мая 1955 года біскуп Ян Лорка ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.
У савецкія часы ездзіў на душпастырскую працу ў Беларусь, Расію і Казахстан, дзе па меры магчымасці абвяшчаў Евангелле, цэлебраваў Імшу, спавядаў.
Пасля шасці гадоў душпастырскага служэння быў скіраваны на вучобу ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, пасля заканчэння якога абараніў кандыдацкую дысертацыю па кананічным праве.
З 1968 па 1990 гады працаваў у дыяцэзіяльнай курыі ў Сандаміры. З пачатку існавання Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне быў яе выкладчыкам, пэўны час — прэфектам.
З’яўляўся Ганаровым капеланам Яго Святасці, Грэміяльным канонікам Сандамірскага капітулу, Ганаровым канонікам Гродзенскага капітулу.
Вечны адпачынак дай яму, Пане…