26 красавіка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) прайшла фармацыйная сустрэча для духавенства Гродзенскай дыяцэзіі да пяці гадоў святарства.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, сустрэча распачалася з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Потым адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У прамоўленай гаміліі ксёндз канонік Павел Салабуда, мадэратар пастаяннай фармацыі маладых святароў Гродзенскай дыяцэзіі, засяродзіў увагу на думках Папы Францішка з сёлетняга сімпозіума на тэму святарства. Мадэратар нагадаў пра вызначаныя Святым Айцом чатыры слупы святарскага жыцця: блізкасць да Бога, блізкасць да біскупа, блізкасць паміж святарамі, блізкасць з Божым народам.
На заканчэнне Імшы біскуп Кашкевіч, звяртаючыся да сваіх маладых супрацоўнікаў, адзначыў, што годнасць прэзбітэрату патрабуе ад духоўных асоб святасці і вернасці, бо Касцёл і ўсе людзі маюць права чакаць ад іх паводзінаў, годных святара.
Іерарх падкрэсліў, што годнасць, святасць і вернасць павінны быць бачныя ў чалавечнасці, згодных з Евангеллем учынках, у культуры слова, а таксама ва ўсім ладзе жыцця. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне звярнуўся да святароў з просьбай, каб яны асвячалі сябе і Божы народ дыяцэзіі, да якога былі пасланы.
Пасля супольнага абеду ўдзельнікі сустрэчы выслухалі канферэнцыю, якую прамовіў ксёндз Андрэй Зноска, пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе і спецыяліст у галіне кананічнага і свецкага права.
Канферэнцыя была прысвечана сучаснаму этапу актуалізацыі кананічнага права ў Касцёле, перадусім тым зменам у карных санкцыях, якія былі ўведзены Папам Францішкам у новай рэдакцыі 6-й кнігі Кодэксу кананічнага права.
Увага была звернута таксама на дэцэнтралізацыю паўнамоцтваў у Касцёле, якую паступова праводзіць Пантыфік, і адпаведным пашырэннем кампетэнцыі біскупаў. Акрамя таго, святары маглі параіцца адносна сумніўных сітуацый у правапрымяняльнай практыцы парафіяльнага жыцця.