Пошук

27.04.2022 17:55   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйная выява: imgbin.com

26 красавіка Святы Пасад апублікаваў дакумент у форме motu proprio Папы Францішка, якім Пантыфік унёс змены ў першы параграф канона 695 Кодэкса кананічнага права.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, такое рашэнне было прадыктавана публікацыяй 1 чэрвеня мінулага года Апостальскай канстытуцыі Pascite gregem Dei, а разам з ёй і новай VI кнігі Кодэкса кананічнага права De sanctionibus pœnalibus in Ecclesia, у якой былі па-іншаму тыпізаваны некаторыя злачынствы і ўведзены новыя, адбылася змена ў пераемнасці канонаў. Гэта запатрабавала прывядзення канонаў іншых кніг Кодэкса ў адпаведнасць з новымі.

У дакуменце Recognitum Librum VI Пантыфік адзначыў, што пасля кансультацый з Папскай радай па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў і Кангрэгацыяй па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця ім было прынята рашэнне ўвесці новую рэдакцыю першага параграфа канона 695.

Цяпер яго тэкст будзе гучаць так:

«Член інстытута павінен быць выдалены за злачынствы, аб якіх гаворыцца ў канонах 1395, 1397 і 1398, калі — у выпадку злачынстваў, аб якіх гаворыцца ў каноне 1395 §2–3 і каноне 1398 §1, — вышэйшы настаяцель не палічыць, што выдаленне не з’яўляецца безумоўна неабходным і можна іншым спосабам у дастатковай меры дасягнуць выпраўлення члена інстытута, а таксама аднаўлення справядлівасці і ўнікнення спакусы».

Vatican News нагадвае, што першы параграф канона 1398, аб якім ідзе гаворка ў новай рэдакцыі, кажа пра пазбаўленне пасады і іншыя віды пакарання духоўнай асобы, не выключаючы выдалення з духоўнага стану, калі яна здзейсніла злачынства супраць шостай запаведзі Дэкалога з непаўналетнім або тым, хто мае абмежаванае карыстанне розумам; калі схіліла або прымусіла непаўналетняга ці таго, хто мае абмежаванае карыстанне розумам, да ўдзелу ў парнаграфічных дзеяннях; калі набывала, захоўвала, дэманстравала ці распаўсюджвала любым чынам і пры ўжыванні любых сродкаў парнаграфічныя выявы непаўналетніх або асоб, якія пастаянна маюць абмежаванае карыстанне розумам.

Новая VI Кніга Кодэкса кананічнага права пачала дзейнічаць у Касцёле з 8 снежня мінулага года. Яна была ўдасканалена «з тэхнічнага пункту гледжання» ў аспектах карнага права, такіх як права на абарону і тэрмін даўніны; у ёй было ўведзена больш дакладнае акрэсленне пакаранняў. У абноўленым заканадаўстве былі прадугледжаны новыя формы пакаранняў, такія як штраф, кампенсацыя нанесенай шкоды, поўнае ці частковае пазбаўленне касцёльных узнагарод.

У справах, якія датычацца злоўжыванняў адносна непаўналетніх, цяпер не толькі падкрэсліваецца цяжар такіх злачынстваў, але і звяртаецца ўвага на сітуацыю пацярпелых.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця