Пошук

22.04.2022 18:21   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

21 красавіка, у чацвер падчас актавы Пасхі, у касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы для літоўскіх вернікаў, якія жывуць і працуюць у сталіцы Беларусі.

На пачатку ўрачыстай Эўхарыстыі заслужаны іерарх, які пэўны час працаваў у Літве, праходзіў святарскую фармацыю ў духоўнай семінарыі ў Каўнасе і спяршы нёс служэнне ў Вільні, а таму добра валодае літоўскай мовай, павіншаваў прысутных са святам Пасхі і пажадаў міру Уваскрослага Езуса, Яго благаслаўлення і патрэбных дароў.

У гаміліі арцыпастыр засяродзіўся на ўрыўку з Евангелля аб чарговым аб’яўленні Уваскрослага Хрыста Ягоным вучням з просьбай даць Яму есці.

«Памерлы не просіць есці, а жывому неабходна ежа. Гэта яўны знак і сведчанне аб сапраўдным Уваскрасенні Езуса», — заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Вядома, што некаторыя вучні не хацелі верыць у Яго Уваскрасенне, як, напрыклад, апостал Тамаш. Яго не было ў Вячэрніку, калі ў першы дзень Пасхі Езус прыйшоў да апосталаў. У ламанні хлеба, гэта азначае ў Эўхарыстыі, Езуса пазналі вучні ў вёсцы Эмаўс. Цяпер Ён зноў аб’явіўся апосталам», — адзначыў іерарх, дадаўшы, што «першай мэтай гэтых аб’яўленняў Езуса было ўмацаваць веру апосталаў у Яго ўваскрасенне».

«У наш час Езус таксама аб’яўляецца. Тры пакаленні на нашых землях адбываліся ганенні на Касцёл і веру. Але тры дзесяцігоддзі таму распачаўся працэс адраджэння веры. Ён распачаўся пасля трох пакаленняў, а паколькі мы не ведаем, наколькі доўгі дзень у Бога, то, па аналогіі, можна казаць, што ён распачаўся пасля трох дзён.

Веру хацелі адкінуць, прыбраць і нават пахаваць. Але яна ўваскрэсла.

Калі прыйшла паўната часу, то падземная рака веры вырвалася наверх, каб духоўна адрадзіць наш народ. Гэта не што іншае, як новае ўваскрасенне Хрыста ў наш час. І мы павінны быць яго удзельнікамі», — падкрэсліў арцыпастыр.

Ён дадаў, што «Пасха не павінна абмяжоўвацца да ўспаміну падзеі Уваскрасення Хрыста, якая адбылася ў Ерузалеме дзве тысячы гадоў таму. Яна павінна стаць часткай нашага штодзённага жыцця», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, заклікаўшы ўдзельнікаў набажэнства «быць людзьмі ўваскрасення».

 

Абноўлена 22.04.2022 18:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.