Пошук

25.02.2021 11:48   Catholic.by

У сераду 24 лютага ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі спачылага айца Казіміра Жыліса SI.

У Эўхарыстыі, якая цэлебравалася на роднай мове памерлага езуіта, чыё жыццё і служэнне былі звязаныя з Касцёлам у Беларусі, бралі ўдзел прадстаўнікі літоўскай супольнасці ў Мінску.

З арцыбіскупам святую Імшу канцэлебравалі пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі святога Юзафа ў Маладзечне ксёндз прэлат канонік Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі і адказны за душпастырства літоўцаў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Міхал Бубен.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што, падобна да таго, як у прачытаным на Імшы Евангеллі Езус — Сын Чалавечы — назваў сябе «знакам» збаўлення, так айцец Казімір «стаў „знакам“, які Божы Провід даў Божаму народу на Беларусі ў часы ваяўнічага атэізму і ў часы адраджэння Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне».

Арцыпастыр, які быў блізкім сябрам спачылага, нагадаў сабраным у Чырвоным касцёле ўдзельнікам Эўхарыстыі асноўныя этапы багатага жыццёвага шляху спачылага святара.

Казімір Жыліс нарадзіўся ў Літве. Стаўшы святаром, ён распачаў служэнне ў сябе на радзіме, аднак адчуваў місійнае пакліканне, якое прывяло яго ў Вінніцу, што ва Украіне. Адтуль яму давялося выехаць праз тры гады з-за яго радыкальнага стаўлення да атэістычнай савецкай улады.

Айцец Казімір вярнуўся ў Літву, але ненадоўга. У той час з дня на дзень меншала колькасць святароў у Беларусі, і ён прыехаў служыць у Індуру, што непадалёк ад Гродна.

Сваёй пастырскай апекай руплівы святар ахапіў шмат парафій, якія засталіся без душпастыраў.

Ён імкнуўся вярнуць вернікам канфіскаваныя бязбожнымі ўладамі касцёлы, аднаўляў занядбаныя святыні. Шмат увагі айцец Казімір прысвячаў катэхізацыі дзяцей і моладзі. У памяці людзей ён застаўся як змагар за здаровы лад жыцця і правы вернікаў. Атэістычныя ўлады савецкай Беларусі, падодбна да сваіх украінскіх хаўруснікаў, стараліся выслаць гэтага Хрыстовага рупліўца дадому, у Літву, аднак папулярнасць айца Казіміра была настолькі вялікай, што яны не адважылмся гэтага зрабіць, баючыся людзей.

Прыйшлі часы перабудовы, якія прынеслі свабоду веравызнання. Айцец Казімір адразу ж з вялікім энтузіязмам уключыўся ў працэс адраджэння Касцёла на Беларусі. Ён першы пачаў здымаць на відэа значныя падзеі гэтага адраджэння. Дзякуючы яму сёння беларускі Касцёл мае багаты архіў сваёй найноўшай гісторыі. Айцец Каззімір Жыліс аснаваў касцёльную тэлестудыю, якая пачала транляцыю набажэнстваў. Ён таксама першым распачаў душпастырства вязняў. Калі ж ён працаваў у гродзенскай катэдры, то быў вядомы як «вязень канфесіяналу», бо шмат часу прысвячаў споведзі.

«Сваім ахвярным служэннем Касцёлу айцец Казімір быў светачам у атэістычнай цемры падчас ганенняў і такім застаўся ў часы лібералізму і маральнага рэлятывізму, — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Хвароба раку крыві і каранавірус абарвалі яго зямны шлях. Сваім ахвярным жыццём ён збудаваў сабе духоўны помнік, да якога не павінна зарасці сцежка малітвы ўдзячнасці і просьбы аб Божай міласэрнасць для яго», — завяршыў сваю гамілію іерарх.

Акрамя Імшы, у Чырвоным касцёле адбылася сустрэча духавенства з прадстаўнікамі літоўскай супольнасці Мінска.

Абноўлена 25.02.2021 12:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа