Пошук

21.04.2022 11:39   ave-maria.by

У новым нумары каталіцкага часопіса «Наша вера», які выйшаў у свет у красавіку, публікуецца інтэрв’ю з юбілярам біскупам Алегам Буткевічам, цікавыя матэрыялы, прысвечаныя гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, айчыннаму мастацтву, літаратуразнаўству і культуры.

Анонс новага нумара квартальніка, на вокладцы якога — фота помніка Францішку Скарыну ў Лідзе працы скульптара Валяр’яна Янушкевіча, змешчаны на сайце часопіса «Ave Maria» ave-maria.by.

Нумар распачынаецца Зваротам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі «Вайна — гэта злачынства супраць Бога і чалавека», у якім выказваецца заклапочанасць узброеным канфліктам ва Украіне і гучыць заклік да штодзённай салідарнай малітвы ў касцёлах нашай краіны ў інтэнцыі міру.

50-годдзю з дня нараджэння біскупа Алега Буткевіча прысвечана інтэрв’ю «У вернасці Ягонай волі», падрыхтаванае Францішкам Дубраўскім.

Памяці выдатнай беларускай пісьменніцы Алы Сямёнавай прысвечана развітальнае слова Крыстыны Лялько «Спадзяюся на святло…». Тут жа друкуецца эсэ Алы Сямёнавай «Sursum corda!», у якім пісьменніца апавяла пра лёс сястры Малгажаты Банась — адной з ацалелых падчас Другой сусветнай вайны назарэтанак, расстраляных у Наваградку.

Дзмітрый Загацкі ў артыкуле «Беларускія адрасы Іганата Дамейкі. Азяраны» апавядае пра адну са старонак біяграфіі нашага знакамітага земляка.

Літаратуразнаўца Ірына Багдановіч прапануе ўвазе чытачоў паэтычны абразок «Сустрэча са святым Казімірам…»

Гісторык, архівіст Андрэй Шпунт працягвае знаёміць чытачоў з адметнымі асобамі Каталіцкага Касцёла — гэтым разам у эсэ «…Набліжаецца да Кяршніцкага» ён апавядае пра ксяндза, якога сучаснікі называлі Перыклам за яго адукаванасць і прынцыповасць.

Рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі друкуе артыкул «Юнацтва будслаўскага касцёла», у якім працягвае свой аповед пра гісторыю гэтага марыйнага санктуарыя.

135-годдзю з дня нараджэння паэта Алеся Гаруна прысвечаны літаратуразнаўчы артыкул Ірыны Багдановіч «Ты мей прад сабой толькі Бога…».

У рубрыцы «Паэзія» друкуюцца вершы Дануты Бічэль і Аксаны Данільчык.

У рубрыцы «Прэзентацыя» змешчана эсэ Лідзіі Камінскай «Мелодыя калаўрота», у якім апавядаецца пра новую кнігу пісьменніцы Ірыны Жарнасек «Нашых дзён крыгаход».

Жанна Федзіна ў артыкуле «Яе ратавала вера…» распавядае пра сваю бабулю Эмілію Дрозд, якая вылучалася трывалай адданасцю каталіцкай веры.

У артыкуле «Сустрэчы беларускіх езуітаў з індзейцамі» даследчык Алесь Сімакоў распавядае пра малавядомыя старонкі місіянерскай дзейнасці.

Постаці вялікага беларускага першадрукара прысвечаны артыкул Алеся Бразгунова «„Малая падарожная кніжка“ Францішка Скарыны».

Эла Дзвінская прапануе ўвазе чытачоў інтэрв’ю «Беларускія Буквары фарміруюць свядомасць», у якім яна размаўляе з культуролагам Алесем Сушам.

Алег Пятровіч у эсэ «Шляхціц Іван Тарнава-Барычэўскі» цікава піша пра адну з малавядомых асобаў у нашай культуры.

Юбілею выдатнай беларускай мастачкі Галіны Хінкі-Янушкевіч прысвечана эсэ мастака Андрэя Дубініна «Як птушка ў гібкіх трасніках…»

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа