15 красавіка, у Вялікую пятніцу, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў цэлебрацыю літургіі Мукі Пана ў магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава.
У гэты дзень нідзе ў свеце не цэлебруецца святая Імша: Касцёл успамінае муку і крыжовую смерць свайго Пана, Першасвятара Новага Запавету.
Напачатку прамоўленай гаміліі біскуп Яшэўскі нагадаў прысутным, што, калі Збаўца паміраў, увесь свет агарнула цішыня, а людзі, якія былі сведкамі тых падзей, вярталіся да сваіх спраў.
«Вучняў апанавалі адчай, смутак і няўпэўненасць. Перад іх вачыма стаялі раскінутыя рукі Езуса, укрыжаванага на крыжы, а ў вушах маглі гучаць Яго словы: „Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас“ (Мц 11, 28)», — выказаў здагадку іерарх.
Ён дадаў, што Вялікая пятніца — дзень супярэчнасцяў, калі бязгрэшны Хрыстус памёр за нашы грахі; Бог, які з’яўляецца жыццём і Бессмяртоным Даўцам жыцця, прыняў смерць.
Біскуп зазначыў, што людзі вельмі па-рознаму адносіліся да Езуса.
«Адны ўцякалі ў страху, іншыя стаялі каля крыжа і нічога не маглі зрабіць, а яшчэ іншыя паказалі, што яны прыхільна ставяцца да Езуса, напрыклад Юзаф з Арыматэі або Нікадэм, якія былі таемнымі вучнямі Езуса. Набраўшыся адвагі, яны пахавалі цела Езуса ў магіле», — нагадаў падзеі Евангелля пастыр.
Ён падкрэсліў, што пра Юзафа з Арыматэі захавалася няшмат звестак, але з Евангелля мы даведваемся, што ён быў багатым чалавекам, старанна вывучаў Святое Пісанне і чакаў прыйсця Божага Валадарства, але да пэўнага часу яго вера была таемнай.
«Юзаф з Арыматэі разумеў, што немагчыма ўсё жыццё быць таемным вучнем Езуса: часам трэба зрабіць рашучы крок і смела засведчыць, адкрыцца і паказаць сваю веру.
Тое самае мы бачым і сёння: адны адракаюцца ад Езуса, а іншыя сведчаць аб сваёй веры нават і праз кроў.
Нас ніхто не пераследуе за веру ў Хрыста, але мы самі падманваем сябе, выдумляем прычыны, каб апраўдаць сваё нявер’е, каб апраўдаць свае злыя ўчынкі і грахі; знаходзім тысячу апраўданняў, каб не хадзіць на споведзь, у Касцёл: у нас то „ксёндз не такі, то набажэнствы доўгія“, то самі сабе гаворым, што знясіленыя», — з горыччу канстатаваў іерарх.
Ён заўважыў, што Юзаф з Арыматэі зрабіў тое, што лічыў патрэбным: пайшоў, і не проста пайшоў, але, паводле Евангелля, смела зайшоў да Пілата і папрасіў аддаць яму цела Езуса. Па словах біскупа, гэты чалавек рызыкаваў усім: «Мы не ведаем наступстваў яго дзеянняў пасля ўваскрэсення Езуса: магчыма, яго пераследавалі, магчыма, забілі, магчыма, ён пакінуў усё і прапаведаваў Уваскрэслага Хрыста. Мы не ведаем усяго гэтага, але бачым, што ён пераадолеў усе сумневы і зрабіў усё, што мог, для Езуса».
Пастыр сцвердзіў, што гэтая гісторыя зрабіла несмяротнымі двух людзей за адзін дзень: Юзафа з Арыматэі і Пілата. Усяго за адзін дзень у іх жыцці адбылося нешта незвычайнае, над чым яны, магчыма, нават не задумваліся.
«На працягу дня і Пілат, і Юзаф з Арыматэі былі вымушаныя паказаць сваё стаўленне да Езуса.
Тое ж самае адбываецца і з намі. Мы не можам перачакаць, выбраць удалы час, каб ісці за Езусам; каб вызнаць, што Ён з’яўляецца нашым Богам. Мы альбо прымаем Езуса, альбо адкідаем Яго», — заўважыў біскуп Яшэўскі.
Ён прапанаваў прысутным, падыходзячы ў гэты дзень да Крыжа, каб пакланіцца, спытаць у сябе: Дзе я знаходжуся? Ці на боку Пілата, спрабуючы спадабацца свайму атачэнню і свету? Ці, магчыма, я разам з Юзафам і Нікадэмам на справе сведчу пра сваю веру, нягледзячы ні на што?..
«Хрыстус паклікаў усіх, але не ўсе адгукнуліся на гэты заклік. Не ўсе пайшлі за Ім тады, і не ўсе ідуць цяпер. Азірніцеся вакол сябе і ўбачыце, што большасць не пажадала быць з Хрыстом падчас Яго пакут.
Аднак усім, хто сёння сабраўся ў святыні, не варта гэтым ганарыцца, бо кожны з нас нясе ў сабе насенне граху, кожны з нас працягвае надалей ўкрыжоўваць і катаваць Езуса», — падкрэсліў пастыр.
Напрыканцы гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі заклікаў удзельнікаў літургіі Мукі Пана, каб паклон ушанавання перад Укрыжаваным быў паклонам вернага вучня, які праз штодзённае навяртанне ідзе за Збаўцам.