Пошук

16.04.2022 07:07   Catholic.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
УВАСКРОСЛЫ ЕЗУС — НАША НАДЗЕЯ
Слова на Пасху 2022

«Слёзы з твару выцірайце, праганяйце з сэрцаў грэх.
Уваскрос Пан над Панамі, ён жыве».

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сардэчна вітаю Вас гэтымі словамі пасхальнай песні, якая спяваецца ў нашых касцёла на свята Уваскрасення Хрыста.

Нягледзячы на складаныя ўмовы, звязаныя з працягам пандэміі каранавірусу, грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне і ваенных дзеянняў ва Украіне, яны гучаць з нашых вуснаў, бо Пасха дае нам надзею.

Слова «Пасха» мае габрэйскае паходжанне і азначае «пераход» у памяць аб зыходзе габрэяў з егіпецкай няволі. Калі Майсей вывеў выбраны народ з фізічнага рабства, то другі Майсей — Езус Хрыстус — выбавіў чалавецтва з грахоўнай няволі і адарыў яго свабодай дзяцей Божых.

Евангелле вядзе нас да пустой магілы Езуса. Якое ж здзіўленне ахапіла жанчын міраносіц, калі яны не знайшлі ў ёй Яго цела і падумалі, што яго ўкралі. Толькі анёл, які знаходзіўся ў пустой магіле, сказаў ім, што Езус уваскрос і няма чаго шукаць жывога сярод памерлых (пар. Мк 16, 1–7). Такім чынам іх смутак перамяніўся ў радасць.

2. Аднойчы настаўніца на лекцыі рэлігіі распавядала дзецям пра Езуса. Калі яны пачулі пра Яго смерць на крыжы, то адзін хлопчык нехрысціянін усклікнуў: «Не! Гэта жах! Гэта вельмі дрэнна!» Аднак калі пачуў, што на трэці дзень Езус уваскрос, то яго вочы засвяціліся ад захаплення і ён усклікнуў: «Цудоўна!»

У Вялікую пятніцу мы суперажывалі цярпенням і смерці Езуса. Як той маленькі хлопчык, мы адчувалі смутак і казалі: «Не! Гэта жахліва!» Сёння мы чуем апошнюю частку гісторыі і разам з маленькім хлопчыкам можам усклікнуць: «Цудоўна!»

Як без захаду сонца не можа быць яго ўсходу, таксама і без Вялікай пятніцы не было б Уваскрасення.

Сімвалічна, што на англійскай мове Вялікая пятніца называецца Good Friday — «Добрая пятніца». Магчыма, мы збянтэжаны такой назвай. Аднак Абвяшчэнне Пасхі, якое спяваецца падчас вігілійнай Імшы Уваскрасення, называе грэхападзенне Адама і Евы felix culpa — «шчаслівай віной». Таму і Вялікая пятніца з’яўляецца «добрай», бо на Крыжы было здзейснена нашае збаўленне. Грэхападзенне нашых першых бацькоў стала прычынай прыйсця такога цудоўнага Збаўцы, якім ёсць Езус Хрыстус.

3. Гісторыя цярпенняў і смерці Езуса ў Вялікую пятніцу — гэта гісторыя перамогі хлусні над праўдай, несправядлівасці над справядлівасцю, зла над дабром. Езус быў ілжыва абвінавачаны ў злачынствах, якіх ён не здзяйсніў, і несправядліва асуджаны на смерць. Ягоны сябра Юда здрадзіў, вучні пакінулі, а Пётр, якога Ён выбраў быць першым, адмовіўся ад яго. Людзі, якіх Езус любіў, патрабавалі ў Пілата Яго ўкрыжавання і вызвалення злачынца Барабы.

Усё гэта адбылося ў Вялікую пятніцу, калі Езуса несправядліва судзілі, бічавалі, здзекваліся, вялі на месца смерці, прыбівалі да крыжа, дзе Ён памёр і паспешна быў пахаваны ў магіле. Калі б гэта быў канец гісторыі, то яна была б трагедыяй. Але, хвала Богу, гэта не так, бо трагічная гісторыя завяршылася happy end-ам.

Пасха Хрыстова абвяшчае праўду аб тым, што смерць — гэта не завяршэнне чалавечага жыцця. Ёсць яшчэ адзін яго раздзел — Уваскрасенне і вечнае жыццё.

Ворагі Езуса разгубіліся. Ён зноў здабыў сваю славу, бо перамог зло. Таму для нас, Яго прыхільнікаў, якія змагаюцца за праўду і справядлівасць, гэта добрая навіна.

Добрая навіна ў тым, што праўда несмяротная. Праўду можна замаўчаць, абвінаваціць, асудзіць, катаваць, забіць і нават пахаваць у магіле, але на трэці дзень яна ўваскрэсне і зробіць нас свабоднымі, як кажа Хрыстус (пар. Ян 8, 32).

4. Уваскрасенне Езуса нагадвае аб тым, што вера ў Яго трыумфуе. Праўда перамагла хлусню, справядлівасць запанавала над несправядлівасцю, а параза ператварылася ў перамогу. Так павінна быць заўсёды!

Мы захапляемся персанажам коміксаў супергероем Бэтмэнам — чалавекам-кажаном. На экранах кіно і тэлевізараў спачатку бачым нявінную і бездапаможную ахвяру, якая падвяргаецца гвалту, рабаванню, выкраданню і катаванням з боку зламыснага нападніка. Нашыя пачуцці вельмі дрэнныя, бо бачым перамогу зла. Потым, нечакана, калі ўжо здаецца, што ахвяра страціла надзею, з нябёсаў на дапамогу прыходзіць Бэтмен. Ён перамагае дрэннага чалавека і ратуе нявінную ахвяру. Мы адчуваем сябе шчаслівымі, бо праўда і справядлівасць трыумфуюць.

5. Мы павінны памятаць пра гэта ў нашым жыцці і не адмаўляцца ад праўды і справядлівасці, нават калі свет іх не ўспрымае.

Праўда заўсёды застаецца праўдай, а справядлівасць — справядлівасцю.

Мы верым у сілу сонца. Нават калі яно не свеціць, то ведаем, што яно існуе і яго ззянне пераможа цемру. Важны канец гісторыі, бо сапраўды смяецца той, хто смяецца апошнім.

Таму, нягледзячы на ўсе складанасці нашага жыцця і няўпэўненасць у заўтрашнім дні, Касцёл заклікае нас да духоўнай радасці, бо Хрыстус перамог зло, і ў Ім мы пераможам!

6. Адна гісторыя распавядае пра маладых сужонкаў, якія хацелі застрахаваць сваіх будучых дзецей. Яны звярнуліся ў розныя страхавыя кампаніі.

Тры з іх адгукнуліся і прыслалі сваіх прадстаўнікоў з адпаведнымі прапановамі. Першы кажа: «Мы можам застрахаваць вашых будучых дзяцей ад калыскі да труны». Другі: «Мы ад нараджэння да пахавання». Трэці: «А мы ад улоння маці да магілы».

Сужэнцы не былі задаволенны прапановамі і спыталіся: «Ці ёсць усёабдымная, універсальня страхоўка?» — «Так, ёсць, але толькі Бог дае яе». «Якая?» Агенты хорам адказалі: «Ад зачацця да ўваскрашэння».

Ніхто, акрамя Бога, не можа ў поўнай меры застрахаваць нашае жыццё. Толькі Бог праз свайго Уваскрослага Сына «страхуе» нас ад зачацця да ўваскрашэння, пакуль мы не станем грамадзянамі неба.

Таму сёння, калі боль раздзірае нашыя сэрцы, мы, тым не менш, спяваем гімн перамогі «Алелюя». Спяваем насуперак злу, якое пануе ў свеце, і з надзеяй на лепшую, светлую будучыню.

7. У гэты складаны час, калі братняя Украіна перажывае сваю Вялікую пятніцу, а кроў і слёзы забітых, параненых, тых, хто страціў свах блізкіх і бежанцаў, лямантуюць да нас (Быц 10, 10), мы не можам быць абыякавымі — гэта значыць тымі, хто страціў здольнасць маральнага выбару і не адрознівае дабро ад зла.

Вайна — гэта страшны грэх Каіна, які забіў свайго брата Абэля (пар. Быц 4, 8). Замест Божага вобраза яна бачыць у чалавеку вобраз ворага, якога неабходна знішчыць.

Таму няма і не можа быць апраўдання тым, хто распачынае і вядзе вайну, бо яна не з’яўляецца спосабам вырашэння праблем, але катастрофай, у якой гінуць нявінныя людзі, нішчыцца годнасць чалавека, разбураюцца гарады і інфраструктура, шмат людзей становіцца бежанцамі…

Таму, як вучыць Другі Ватыканскі Сабор, вайна — гэта злачынства супраць Бога і чалавека, якое заслугоўвае рашучага і неадкладнага асуджэння (пар. GS 80).

8. Сёння, у свята перамогі Езуса над смерцю, грахом і злым духам, мы звяртаемся да цябе, Міласэрны Уваскрослы Езу: міласціва глянь на залітую крывёю Украіну! Узруш закамянелыя сэрцы адказных за гэтую трагедыю, якая прывяла да гуманітарнай катастрофы і знявагі годнасці чалавека як Божага стварэння, каб яны пачулі плач маці забітых сыноў і дачок, скалечаных людзей, бежанцаў і ўсіх пакрыўджаных, сярод якіх шмат дзяцей, і тэрмінова яе спынілі! Няхай шлях дыялогу, узаемапавагі і прабачэння, умацаваны трывалай малітвай аб міры ва Украіне, да чаго заклікае Папа Францішак, спыніць збройную кананаду, прадухіліць далейшую эскалацыю ваенных дзеянняў, ахвярамі якіх з’яўляюцца людзі з абодвух бакоў супрацьстаяння, і прывядзе да справядлівага міру!

Падчас візіту на Мальту 2 красавіка гэтага года Святы Айцец, закрануўшы праблему вайны ва Украіне, сказаў, што з усходу Еўропы прыйшла цемра вайны, якая не засталася змрочным успамінам далёкага мінулага, а стала суровай рэчасінасцю нашага часу. «Ледзяны вецер вайны, які прыносіць смерць, разбурэнне і нянавісць, пранёсся па жыцці шматлікіх людзей і закрануў усіх. І пакуль анахранічныя дамаганні нацыяналістычных інтарэсаў правакуюць і распальваюць канфлікт, простыя людзі адчуваюць неабходнасць будаваць будучыню, якая альбо будзе сумеснай, альбо яе не будзе ўвогуле.

Таму ў ночы вайны, якая апусцілася на чалавецтва, нельга дазволіць згаснуць мары аб міры»,— казаў Святы Айцец.

6 красавіка падчас агульнай аўдыенцыі ён звярнуўся да прысутных з кранаючым сэрцы заклікам, што нявінная кроў ахвяраў ваенных дзеянняў ва Украіне кліча да неба і просіць: «Пакладзіце канец гэтай вайне! Прымусьце змоўкнуць зброю! Перастаньце сеяць смерць і разбурэнне».

Такім чынам Пантыфік пацвердзіў актуальнасць вучэння Касцёла, што спакой — гэта не проста адсутнасць вайны і раўнавага супяпярэчных сіл. Для яго будавання неабходна цвёрдае жаданне паважаць іншых людзей, народы і іх годнасць, а таксама руплівае практыкаванне братэрства (пар. GS 78).

9. Дарагія браты і сёстры!

На нашай памяці мы, хіба што, яшчэ не адзначалі галоўнага свята хрысціянства — Пасхі Хрыстовай — у такіх складаных умовах, якія перажываем цяпер, калі звыклы для нас свет разбураны і пройдзена кропка экзістэнцыйнага незвароту.

Аднак у той жа час, зыходзячы з праўды Уваскрасення Хрыста, трэба сказаць, што ні праблема працягу пандэміі каранавірусу, ані грамадска-палітычны крызіс у нашай Бацькаўшчыне, ані ваенныя дзеянні ва Украіне, ані іншыя складанасці не могуць прыцьміць значэння свята Пасхі, якое дае надзею на пазітыўнае іх вырашэнне і новую будучыню.

Праз цярпенні, слёзы і боль прымем праўду аб тым, што Уваскрослы Езус адраджае ў нас надзею на лепшае заўтра; адраджае нават насуперак надзеі, як кажа святы апостал Павел (пар. Рым 4, 18), дапамагае дабром перамагчы зло, напаўняе духоўным супакоем і ўмацоўвае сваёй ласкай, каб мы ўсвакрасалі да новага жыцця ў святле праўды Евангелля.

Езу, які сваёй пасхальнай таямніцай перамог зло, вытры слёзы плачучых і церпячых з-за вайны ва Украіне нашых братоў і сясцёр, як абцёр іх жанчынам міраносіцам.

Правядзі нас праз цёмную даліну зла, няўпэненасці ў заўтрашнім дні, неспакою і страху. Адары пасхальнай радасцю. Дай надзею зняволеным і прыгнечаным. Дапамажы пераадолець падзелы і непаразуменні. Уваскрасі з магілы граху.

Учыні, каб у нашай Бацькаўшчыне, а таксама ва Украіне і ва ўсім свеце як мага хутчэй запанаваў мір, узаемная любоў, дух прабачэння, свабода і справядлівасць.

Благаславі Беларусь, зямлю, на якой мы нарадзіліся, з якой выраслі і якую любім. Гэта наша Радзіма! Яна Богам створана для нас і для нашага уваскрашэння, бо ў табе, Уваскрослы Езу, наша надзея.

Гэтыя свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Са святам! Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 10 красавіка 2022 г., Пальмовая нядзеля

Абноўлена 17.04.2022 08:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця