Пошук

12.04.2022 15:34   Паводле: ave-maria.by / Catholic.by

Перад Вялікаднем выйшаў з друку красавіцкі нумар часопіса «Ave Maria» (№ 4 (325) 2022), які прысвечаны важнасці супакою ў свеце і ў чалавечых душах.

Як адначаецца ў анонсе, змешчаным на сайце часопіса ave-maria.by, гэта адно з тых вечных пытанняў, якія заўсёды турбуюць чалавецтва, і адна з найбольшых каштоўнасцяў, без якой усе іншыя хутка становяцца марнасцю.

Асаблівае месца ў гэтым нумары займаюць публікацыі надзвычай важных і актуальных у гэтыя дні дакументаў: «Чыну прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі», урыўка з канстытуцыі Gaudium et spes Другога Ватыканскага Сабору «Захаванне спакою і развіццё міжнароднай супольнасці» і паслання Папы Пія ХІІ на Вялікдзень 1941 года «Не аслабляйце сваёй малітоўнай пільнасці».

На вокладцы часопіса змешчаны некалькі малітваў аб супакоі і літанію да Маці Божай, Каралевы супакою.

Тэме супакою прысвечаны таксама матэрыял айца Юрыя Кулая OCD з рубрыкі «Школа малітвы», а ў рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» разам з ксяндзом Андрэем Рылкам прапануем паразважаць пра вайну і ваяўнічасць праз прызму Святога Пісання.

Ксёндз канонік Ігар Лашук распавядае аб сваёй пілігрымцы па Палессі з фігураю святога Арханёла Міхала і копіяй абраза Маці Божай Юравіцкай у інтэнцыі міру ва Украіне.

Чытачам прапануецца шукаць спакой і ўнутраную раўнавагу з дапамогаю ўрыўкаў з Бібліі і выказванняў святых і славутых людзей, прысвечаных супакою і міру, якія выбрала і падрыхтавала Іна Бігель. Практычныя парады аб тым, як пераадолець стрэс, дае ў сваім артыкуле Юлія Шэдзько.

Ганна Шаўчэнка заклікае паразважаць над падзеямі нашага жыцця, трывогамі, няўпэўненасцю і клопатамі ў святле евангельскіх урыўкаў аб уваскрасенні Хрыста. Сведчанне аб досведзе прабачэння ў цяжкіх жыццёвых абставінах падрыхтавала Галіна Калевіч.

Віктар Ведзень працягвае дзяліцца з чытачамі часопіса «Ave Maria» ўспамінамі аб аўтамабільнай пілігрымцы па Беларусі з найбольш шанаванымі абразамі Маці Божай з беларускіх санктуарыяў.

Старонкі часопіса ўпрыгожваюць вершы Дануты Бічэль і Антаніны Святохі.

Рэдакцыя шчыра дзякуе чытачам за дасланыя лісты. У гэтым нумары часопіса з рэдакцыйнай пошты друкуюцца ўспаміны Антаніны Святохі аб касцёле святога Юзафа ў Маладзечне і яго парафіянах, а таксама публікуецца ліст Марыі Качаноўскай з Негарэлага, у якім яна задаецца важным пытаннем: як ставіць Бога на першае месца ў сваім жыцці.

Абноўлена 12.04.2022 15:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця