10 красавіка, у нядзелю Мукі Пана, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB абрадам адкрыцця дзвярэй магілёўскага катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава распачаў Вялікі тыдзень.
У прамоўленай падчас урачыстай святой Імшы гаміліі іерарх напачатку прапанаваў прысутным паразважаць, чаму Езус, які заўсёды любіў цішыню і скрытасць, здзейсніў ўрачысты ўезд у Ерузалем.
Паводле біскупа, Ён зрабіў гэта перадусім дзеля свайго Нябеснага Айца.
«Пан Езус усведамляе, што бліжэйшыя дні прынясуць Яму цэлае мора пакут і болю. Ён жадае паказаць свайму нябеснаму Айцу радасную гатоўнасць прыняць усе пакуты, якія Божы Провід падрыхтаваў Сыну Чалавечаму, каб Ён стаў перапрашэннем за нашыя грахі.
Нам павінна стаць сорамна: нам, малым і прыземленым, якія сціскаемся ад адной думкі, што нам давядзецца нешта пацярпець за Бога і Яго справу. Мы не ўмеем наследаваць Пана Езуса ў Яго радаснай гатоўнасці пакутаваць», — заўважыў пастыр.
Ён дадаў, што не толькі дзеля нябеснага Айца Пан Езус здзейсніў трыумфальны ўезд у Ерузалем.
«Ён хацеў зрабіць гэта і для сваіх найбліжэйшых, для апосталаў і вучняў, каб яны не падалі духам і не зламаліся, убачыўшы Яго ў страшнай муцы на крыжы. Пан Езус таксама хацеў паказаць фарысеям, святарам, старэйшынам і ўсім сваім ворагам сваё боскае паходжанне і сваю боскую місію на гэтай зямлі, каб у іх не было апраўдання, каб узялі поўную адказнасць за адкіданне Таго, каго паслаў Айцец», — падкрэсліў іерарх.
Нарэшце, на яго думку, здзяйсняючы свой трыумфальны ўезд у Ерузалем, Пан Езус памятаў і пра нас.
«Ён асаблівым чынам хацеў падбадзёрыць нас, ведаючы, што мы так лёгка падаем духам, што так лёгка хістаемся ў веры і прывязанасці да нашага Збаўцы і нашага Пана. І таму Ён стаіць перад намі ў святле трыумфу Вербнай нядзелі і ў поўнай каралеўскай, месіянскай і Божай славе», — адзначыў біскуп, прапанаваўшы вернікам адказаць на пытанне, чаму вучыць нас гэтае шэсце з пальмамі.
«Пан Езус прымае гучнае ўшанаванне сваіх суайчыннікаў, прымае іх гучнае вызнанне веры, калі яны вітаюць Яго як абяцанага Месію, усклікаючы: „Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!“ (Мц 21, 9). І ад нас Пан Езус часта патрабуе яўнага вызнання веры, Ён гэтага чакае», — сцвердзіў іерарх.
Ён звярнуў увагу на тое, што ні гучнае «Гасанна», ані энтузіязм з боку людзей, ані ўся слава, якая кладзецца да Яго ног, ані позірк у глыбіню пакут, якія чакалі Яго неўзабаве, не парушаюць унутранага спакою Езуса.
«Адсюль для нас навука, што мы павінны шукаць унутранага супакою і раўнавагі духу ў тых жа дзвюх крыніцах: у Пана Бога, гэтай трывалай і нязменнай скалы, і ў належнай, прадыктаванай Панам, ацэнцы хісткасці і крохкасці ўсяго зямнога», — зазначыў пастыр.
На заканчэнне гаміліі ён параўнаў Пальмовую нядзелю з сонечным промнем сярод змроку цярпенняў Збаўцы.
«Пану Езусу быў патрэбны гэты радасны прамень Вербнай нядзелі як уводзіны ў Крыжовы шлях і велізарных пакут на гары смерці.
Дык давайце ж паглядзім на ўсе свае пакуты ў сонечных промнях! Так вучыць нас найдаражэйшы Збаўца. Пойдзем па Яго слядах за вялікай колькасцю святых, якія навучыліся менавіта так глядзець на пакуты ад Яго, найлепшага і адзінага Настаўніка», — заахвоціў вернікаў біскуп Аляксандр Яшэўскі.