Пошук

11.04.2022 15:53   Тэкст: Марыя Новікава / Фота: Ніна Бабіч / Catholic.by

У ноч з 9 на 10 красавіка, напярэдадні Пальмовай нядзелі, у касцёле святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) у Мінску адбылося традыцыйнае начное чуванне моладзі.

Сёлета дэвізам велікапоснага моладзевага чування стаў заклік Езуса: «Вазьмі свой крыж і ідзі за мной».

Рэгістрацыя ўдзельнікаў распачалася а палове на дзясятую, і за гадзіну зарэгістрыравалася каля 160-і юнакоў і дзяўчат.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які звярнуўся да моладзі са словам пастыра.

«Сёння мы можам перажыць евангельскую падзею, калі да Езуса падыходзіць малады чалавек і пытаецца, што яму рабіць, каб быць збаўленым. Езус адказвае яму: „Вазьмі свой крыж і ідзі за Мной…“

Сёння мы можам не толькі быць сведкамі гэтай сцэны, але сам-насам стаць перад Езусам, каб сказаць: „Я тут, перад Табою, бо ўзяў свой крыж і хачу несці яго. Больш за тое: хачу дапамагаць іншым знайсці дарогу да Бога», — зазначыў арцыпастыр. Ён таксама заклікаў моладзь «глядзець сэрцам» і не толькі марыць аб лепшым, але і асэнсоўваць, якім павінны быць канкрэтны ўнёсак у будучыню кожнага чалавека. Гэта, паводле арцыбіскупа, і азначае «ўзяць свой крыж».

Думку іерарха працягнуў ксёндз Уладзімір Марушэўскі, хрыстусовец, які прамовіў аскетычную канферэнцыю. «Крыж — гэта цяжар ці дар?» — задаў ён пытанне напачатку, пасля чаго падвёў слухачоў да высновы, што прыняцце крыжа — гэта пытанне любові. Святар заўважыў, што часта людзі думаюць, што Бог і Касцёл імкнуцца абмежаваць іх свабоду, забараняючы штосьці, што здаецца прывабным.

«Але ці робіць чалавека шчаслівым лёгкае і хуткае задавальненне пажадлівасцяў?.. Бог жа прапануе нам не хуткасць, а якасць. Жыццё ў чыстасці і любові да Хрыста і бліжняга дазваляе нам глыбей перажываць тыя дары, якія сучасны свет канвеерам абрынае на чалавека. Езус не абяцае нам нейкіх „бонусаў“ за тое, што мы „возьмем свой крыж“: гэта пытанне нашай любові да Яго, наш адказ на Яго любоў. Праз Крыж Езус уваходзіць на неба і адкрывае нам дзверы свабоды. Мы абмежаваныя страхамі, комплексамі, грахамі, але праз нясенне свайго крыжа набываем моц быць свабоднымі ад гэтых межаў.

„Ці бярэш крыж?“ — гэты зварот Хрыста азначае: „Ці любіш Мяне?“ Калі разумеем гэта, то крыж становіцца каштоўным дарам, да якога дакранаемся з пашанай і трымценнем сэрца», — падкрэсліў ксёндз Уладзімір.

Уначы юнакі і дзяўчаты ўзялі ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху ў незвычайнай форме.

Яно складалася з разважання, рахунка сумлення і малітвы перапрашэння, паміж якімі тройчы адбывалася маўклівая працэсія вакол касцёла. Разважанні падрыхтавала моладзь сталічнай архікатэдральнай парафіі.

Перад алтаром з камянёў было выкладзена сэрца, ў цэнтры якога знаходзіўся кошык з упрыгожанымі вербамі — сімвалам Пальмовай нядзелі. Удзельнікі працэсіі бралі камяні як заклік Хрыста не баяцца браць цяжар свайго штодзённага крыжа і неслі з сабою, разважаючы ў цішыні над сваім жыццём, сваімі грахамі, мэтай свайго паклікання. Пасля вяртання, з гэтых камянёў юнакі і дзяўчаты выклалі дарогу да кленчніка — сімвала споведзі і ачышчэння душы ад грахоўнага цяжару. Тут жа адбыўся Рахунак сумлення, які дапамагла правесці сястра Дар’я Еўтухоўская з супольнасці Марыі Успамогі Хрысціянаў. Ужо з асэнсаваннем сваіх грахоў, з пэўным планам на будучыню, з жаданнем вызвалення ішлі ўдзельнікі чування ў другую працэсію, разабраўшы «грахоўную дарогу».

Наступства граху — смерць, і Езус прынёс у ахвяру сябе, каб вызваліць тых, каго любіць.

Таму пасля вяртання з другой працэсіі камяні былі складзены ў курган-галгофу, на якой быў усталяваны крыж — сімвал вызвалення ад граху і адкуплення чалавека, сімвал Ахвяры Хрыста.

Перад ім адбылася Малітва перапрашэння, якую правёў ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB з мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля.

Падчас другога перапынку ў Белай зале Чырвонага касцёла ўдзельнікам чування прапанавалі далучыцца да акцыі «Малітва за Украіну». Кожны ахвотны мог узяць свечку, каб, запаліўшы яе, памаліцца аб міры ва Украіне і ў свеце.

Завяршылася чуванне адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і благаслаўленнем усіх прысутных.

Арганізатары чування выказалі падзяку ўсім, хто прыклаў намаганні для таго, каб арганізаваць і ўпрыгожыць гэтую велікапосную сустрэчу, перадусім адказнаму за душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндзу Андрэю Бураку і яго руплівай камандзе, парафіяльнаму хору «Голас душы» з Чырвонага касцёла і моладзеваму калектыву «Адзінства» з мінскай Залатагорскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха), гасцінным гаспадарам, а таксама ўсім, хто дапамог стварыць атмасферу малітвы і засяроджання.

 

Абноўлена 11.04.2022 17:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.