10 сакавіка ў лідскай парафіі Святой Сям’і адбыўся дзень засяроджання для святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Днём раней падобная сустрэча духавенства прайшла ў Гродне.
Як паведамляе Grodnensis.by, у сустрэчы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, удзельнічала каля 40 святароў: як дыяцэзіяльных, так і з манаскіх супольнасцяў.
Падчас сустрэчы духавенства асабліва малілася за братні ўкраінскі народ, які пакутуе ад вайны.
Удзельнікі дня засяроджання прасілі Бога аб міры для суседняй краіны і міры ва ўсім свеце.
Прысутныя ўдзельнічалі ў набажэнстве Крыжовага шляху, а таксама выслухалі аскетычную канферэнцыю, падрыхтаваную духоўным айцом святароў Гродзенскай дыяцэзіі ксяндзом Андрэем Шчупалам CSsR.
Кульмінацыяй сустрэчы стал святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў пастыр дыяцэзіі.
Біскуп Кашкевіч заахвоціў духавенства маліцца ў інтэнцыі міру, які сёння патрэбны ўсёй Еўропе, а асабліва Украіне.
У гаміліі ксёндз Руслан Мазан, пробашч лідскай парафіі, якая прымала ў гэты дзень удзельнікаў сустрэчы, нагадаў пра мясцовых святароў-мучанікаў. У гэты дзень прыпадала 79-я гадавiна смерцi дзевяці святароў Лідчыны, якія загінулі ад рук нацыстаў падчас Другой сусветнай вайны. Прапаведнік падкрэсліў, што яны далі яскравае сведчанне веры, а таксама вучаць сённяшняе духавенства сведчыць пра Езуса Хрыста.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Гродзенскі падзякаваў усім прысутным за ўдзел у дні засяроджання, адзначыўшы неабходнасць такіх сустрэч, якія пазітыўна ўплываюць на будаўніцтва святарскага адзінства і з’яўляюцца добрай нагодай аднавіць духоўнае жыццё.
Іерарх пажадаў усім святарам, каб сёлетні Вялікі пост добра перажыла кожная парафіяльная супольнасць.