Пошук

10.03.2022 13:32   Паводле: Grodnensis.by / Фота: бр. Павел Русілевіч OFMConv / Grodnensis.by

9 сакавіка ў гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабэрнардынскім) пасля доўгага перапынку, выкліканага пандэміяй каранавірусу, адбыўся дзень засяроджання для святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Як паведамляе Grodnensis.by, у сустрэчы ўдзельнічалі больш за 40 святароў — дыяцэзіяльных і з манаскіх супольнасцяў — на чале з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.

Духавенства на сустрэчы асабліва малілася за братні ўкраінскі народ, які пакутуе ад вайны, просячы аб міры для суседняй краіны і міры ва ўсім свеце.

У межах сустрэчы прысутныя ўдзельнічалі ў набажэнстве Крыжовага шляху, падчас якога на кожнай стацыі разважалі над тым, што належыць зрабіць у Вялікі пост, які з’яўляецца часам ласкі, для духоўнага ўзрастання і ўгрунтавання святарсткага паклікання.

Таксама яны выслухалі канферэнцыю, чкую прамовіў духоўны айцец святароў Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Шчупал CSsR. Ён звярнуў увагу на пагрозы святарскай святасці, асабліва ў сферы духоўнага жыцця, якія перашкаджаюць эфектыўна выконваць місію святара ў Касцёле.

Законнік адзначыў важнасць штодзённай малітвы, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, Ружанца, рахунку сумлення, споведзі, дысцыпліны і пастаяннай працы над уласным характарам, падкрэсліўшы, што гэта толькі некаторыя сродкі для падтрымкі духоўнага жыцця. Духоўны айцец дадаў, што ўсе вернікі павінны маліцца за сваіх святароў і дапамагаць ім, каб яны былі вернымі ў сваім пакліканні і паступалі згодна з Евангеллем.

Кульмінацыяй дня засяроджання стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў пастыр дыяцэзіі.

Біскуп Кашкевіч заахвоціў духавенства маліцца ў інтэнцыі міру, які сёння патрэбны ўсёй Еўропе, а асабліва Украіне.

У гаміліі ксёндз Павел Беланос, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Макараўцах (Бераставіцкі дэканат), нагадаў сабратам, каб у час Вялікага посту яны не толькі заахвочвалі сваіх вернікаў да пакаяння і навяртання, але паклапаціліся і пра сябе.

Па яго словах, каб магло здзейсніцца ўмацаванне ў веры і ўсталяванне яшчэ больш жывых адносін з Богам, кожная духоўная асоба павінна нястомна ўслухоўвацца ў голас Пана, які да яе звяртаецца.

«Трэба, каб у гэты час, калі Касцёл заклікае да пакаяння і навяртання, не толькі вернікі, але і духавенства, распарадчыкі Божай міласэрнасці, маглі найперш самі спазнаць гэтую міласэрнасць», — з такімі словамі святар звярнуўся да ўсіх прысутных, а таксама да самога сябе.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Гродзенскі падзякаваў усім святарам за ўдзел у дні засяроджання, падкрэсліўшы неабходнасць такіх сустрэч, якія пазітыўна ўплываюць на будаўніцтва святарскага адзінства і з’яўляюцца добрай нагодай для аднаўлення духоўнага жыцця.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.