Пошук

03.03.2022 13:18   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня камісіі агульнага душпастырства пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, скіраваў пастырскае Слова на Вялікі пост, які распачынаецца на фоне ваенных дзеянняў ва Украіне.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
НЕ СПАКУСАМ, ֿТАК БОЖАМУ ЗАКОНУ
Слова на Вялікі пост 2022

«Кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15)

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Гэтыя словы прамаўляе святар, калі пасыпае нашыя голавы попелам у Папяльцовую сераду.

Яны павінны быць праграмай жыцця кожнага хрысціяніна, бо ўсе мы — грэшнікі і патрабуем навяртання, ведаем што такое дабро і яго хочам, але ў той жа час чынім зло, як кажа святы апостал Павел (пар. Рым 7, 15).

Папа Францішак у сёлетнім Пасланні на Вялікі пост падкрэслівае, што гэта спрыяльны час для асабістага і супольнага аднаўлення (пар. ПВП-22, Уступ). Сінадальны працэс, які распачаўся ў Касцёле, таксама заклікае да пастырскага і асабістага навяртання.

2. Ёсць павучальны аповед пра споведзь марака. Ён кажа святару, што часта паддаваўся спакусам і грашыў. На пытанне святара: «Колькі разоў? Можа каля дзесяці?» — ён, па марскім звычаі, адказвае: «ксёндз, плыві далей». «Каля пяцідзесяці?» — пытаецца святар, — «плыві далей». «Каля сотні?» — пытаецца ксёндз. «Ой, не! Кідай якар!» — кажа марак.

Пасля павучэння святара, ён пытаецца, ці мае надзею патрапіць у неба. Святар адказвае: «Плыві далей». «Ці магу спадзявацца на чысцец?» — з надзеяй пытаецца марак. «Плыві далей», — адказвае святар. «Мяне чакае пекла?» — кажа спалоханы марк. Святар адказвае: «Кідай якар!»

Гэтая жартоўная гісторыя мае вялікае маральнае значэнне. Вядома, што якар прызначаны для ўтрымання карабля на адным месцы, асабліва падчас шторму на моры. Таму ён з’яўляецца сiмвалам надзеi. Якар сакрамэнту пакаяння як праявы Божай міласэрнасці сцеражэ нас падчас амаральных штормаў і дае надзею на лепшае жыццё.

3. Традыцыйна на пачатку Вялікага пасту Касцёл прапануе нашай увазе Евангелле пра спакушэнне Езуса ў пустыні і Яго перамогу над злым духам (пар. Лк 4, 1–13).

Трэба памятаць, што калі д’ябал асмеліўся спакушаць Езуса, то таксама будзе спакушаць і людзей.

Адна гiсторыя распавядае пра тое, як кіроўца аўтамабіля спазняўся на важную сустрэчу і запаркаваў машыну ў недазволеным месцы. Пад шклоачышчальнікам ён пакінуў запіску: «Я праехаў дваццаць кругоў вакол гэтага кварталу і не знайшоў свабоднага месца. У мяне важная сустрэча. Паважаны паліцэйскі, збаў мяне ад злога, што мяне чакае за недазволеную паркоўку». Калі кіроўца вярнуўся, то ўбачыў запіску паліцэйскага: «Паважаны кіроўцы, я ўжо дваццаць гадоў кружу вакол гэтага квартала. Не ўводзь мяне ў спакусу не караць цябе». І кіроўца, і паліцэйскі добра ведалі словы малітвы «Ойча наш» пра спакусу і збаўленне ад зла і адпаведна выкарысталі іх.

4. Сама спакуса яшчэ не з’яўляецца грахом. Гэта толькі Божае выпрабаванне з мэтай зрабіць нас духоўна мацнейшымі.

Бог хоча ведаць, на чыім мы баку: Яго ці злога духа.

Падчас грамадзянскай вайны ў Амерыцы адна жанчына падышла да прэзідэнта Лінкальна і сказала: «Мы пераможам, бо Бог на нашым баку. Ці не так?» На гэта прэзідэнт адказаў: «Я імкнуся быць на баку Бога». Мы таксама падчас выпрабаванняў павінны паказаць, на чыім баку знаходзімся: Бога ці злога духа. Калі на баку Бога, то можам быць упэўненымі, што Ён нам дапаможа.

5. Мы кожны дзень сутыкаемся са спакусамі, аб чым сведчыць гiсторыя збаўлення i штодзённае жыццё. Бог не робіць выключэнняў, нават для свайго ўласнага Сына.

З Евангелля пра спакушэнне Езуса мы можам зрабіць выснову, што ёсць тры тыпы спакусаў: матэрыяльныя рэчы, улада і слава.

Д’ябал прапануе галоднаму Езусу перамяніць камень у хлеб. Гэта спакуса валодання. Аднак Езус адказвае, што не адзіным хлебым жыве чалавек (пар. Лк 4, 4). Мы не можам абысціся без матэрыяльных рэчаў. Але калі клапоцімся выключна пра іх, то робім саміх сябе духоўнымі інвалідамі.

Далей д’ябал прапануе Езусу ўсе валадарствы свету пры ўмове, што Ён паклоніцца яму. Гэта спакуса ўлады, на якую Езус адказвае: «Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць» (Лк 4, 8). Такім чынам Ён выступае супраць нязгоднага з Божым законам выкарыстання ўлады, бо тады не Бог і закон становяцца цэнтрам зацікаўленасці чалавека, але імкненне валадарыць.

Нарэшце, злы дух прапануе Езусу кінуцца ўніз са святыні, каб анёлы Яго ратавалі, на што Езус станоўча адказвае, што нельга выпрабоўваць Бога (пар. Лк 4, 12). Мы таксама часам спакушаем Бога і патрабуем выканаць нашыя патрабаванні, а калі Ён іх не задавальняе, то на гэтым, на жаль, часам завяршаецца наша вера.

Ганарлівасць, папулярнасць і імкненне да славы спакушаюць нас кінуць выклік Богу з мэтай выпрабаваць Яго магчымасці. Многія людзі імкнуцца быць выдатнымі спецыялістамі, папулярнымі акцёрамі, спартоўцамі і т.п., што само па сабе добра. Аднак такія імкненні становяцца маральна кепскімі, калі мы ўсімі праўдамі і няпраўдамі імкнемся стаць зоркамі выключна для сваёй выгоды. Тады атрыманымі ад Бога здольнасцямі служым не для Яго большай славы, а для сваёй.

6. Д’ябал выкарыстоўвае матэрыяльныя рэчы, уладу і славу, каб спакушаць нас, бо гэта вельмі эфектыўныя сродкі, каб падштурхнуць чалавека рабіць зло замест дабра.

Калі мы зацыкліваемся на іх і забываемся пра духоўныя справы, то гэта званочак трывогі. Чаму?

Па-першае, валоданне, улада і слава не могуць нас у поўнай меры задаволіць. Яны як марская вада: чым больш яе п’ем, тым большую смагу адчуваем. Кажуць, што дрэнны той жаўнер, які не імкнецца быць генералам. Але амаральнае імкненне да матэрыяльных каштоўнасцяў, улады і славы пераварочвае Богам створаны парадак з ног на галаву. Трэба памятаць, што Бог, а не чалавек, з’яўляецца Валадаром свету.

7. Прыведзеныя вышэй разважанні вядуць нас да наступных высноваў.

Па-першае, Вялікі пост — гэта падрыхтоўка да свята Пасхі. Габрэі сорак гадоў рыхтаваліся, каб увайсці ў Абяцаную зямлю. Езус сарак дзён і начэй маліўся і пасціўся ў пустыні перад распачаццем публічнай дзейнасці.

Таксама і Касцёл нам прапануе саракадзённае падарожжа з мэтай духоўнай падрыхтоўкі да свята Уваскрасення Хрыста.

Па-другое, Вялікі пост — гэта ачышчэнне. Калі мы хочам вярнуць сабе стан святыні Святога Духа, то павінны пазбавіцца ад граху.

Па-трэцяе, Вялікі пост — гэта ўдзел ў цярпеннях і смерці Езуса. Таму мы павінны маліцца і посціць, абмяжоўваць сябе ў задавальненнях, дапамагаць патрабуючым, прымаць удзел у велікапосных духоўных практыках і набажэнствах, такіх як рэкалекцыi, пакутныя набажэнствы, Крыжовы шлях, Песні жальбы і г.д.

Па-чацвёртае, Вялікі пост — гэта вызнанне і сведчанне нашай веры. Нездарма святы апостал Якуб кажа, што «вера без учынкаў мёртвая» (Як 2, 17).

Па-пятае, Вялікі пост павінен стаць часам пазбягання спакусаў. Адносна гэтага ёсць вельмі павучальны аповед пра лісу і ваўка. Ліса праходзіць каля ваўчынага логава. Воўк кліча яе ў госці, аднак ліса адмаўляецца, бо бачыць шмат слядоў, якія вядуць у логава, але ніводнага з логава. Яна разумее, што ад ваўка ёй не выйсці жывою. Таксама і мы павінны чуваць, каб не паддацца спакусам і не трапіць у пастку злога духа.

Вялiкi пост — гэта час перамены нашага жыцця, які заклікае нас зноў ускласці нашу веру і надзею на Езуса (пар. 1 П 1, 21), каб выкараняць зло з нашага жыцця, кажа Папа Францішак (пар. ПВП-22, 2). Таму заклік Езуса навяртацца і верыць у Евангелле павінен быць лейтматывам нашага жыцця, бо д’ябал, як рыкаючы леў, шукае, каго пажэрці (пар. 1 П 5, 8).

8. Сёлета Вялікі пост мы распачынаем у складанай сітуацыі, выкліканай расійска-украінскім канфліктам.

Мы з’яўляемся сведкамі ваенных дзеянняў, разбурэння гарадоў і населеных пунктаў, знішчэння інфраструктуры, гібелі людзі, праліцця крыві, вымушанага пакідання месца свайго жыхарства мірнымі людзьмі, сярод якіх шмат старых, нямоглых і дзецей.

Ці можна было ўявіць сабе такое яшчэ зусім нядаўна? Але гэта жахлівая рэальнасць нашага часу.

Таму мы справядліва задаемся пытаннем, як такое магчыма ў ХХІ стагоддзі ў цэнтры Еўропы? Сярод шматлікіх прычын гэтага канфлікту найперш трэба шукаць маральныя. На жаль, мы як хрысціянскія народы, якія павінны кіравацца прынцыпам любіць бліжняга, як самога сябе (пар. Мц 22, 39), забыліся аб ім. А гэта грэх, які вядзе да падзелаў і ўзброеных супрацьстаянняў.

Таму Вялікі пост — гэта адпаведны час не толькі для нашага асабістага прымірэння з Богам і бліжнім, але таксама і цэлых народаў.

9. Сёння, калі вырашаецца будучыня нашых паўднёвых суседзяў, а ў пэўным сэнсе — усёй Еўропы і свету, замест кананады гармат павінна гучаць «кананада» салідарнай малітвы, пакаяння і дыпламатычных захадаў для мірнага вырашэння канфлікту.

Неабходна прыняць глыбока да сэрца заклік Папы Францішка да тых, хто нясе палітычную адказнасць за пагаршэнне сітуацыі ва Украіне, зрабіць рахунак сумлення перад Богам, які з’яўляецца Богам міру, а не вайны, і Айцом усіх, а не толькі некаторых, і які хоча, каб мы былі братамі, а не ворагамі.

У старажытным Рыме існавала максіма, якой кіраваліся цэлыя пакаленні людзей: Si vis pacem, para bellum — «Калі хочаш міру, рыхтуйся да вайны». Зыходзячы з Евангелля і сацыяльнага вучэння Касцёла, прыйшоў час адмовіцца ад гэтага састарэлага язычніцкага прынцыпу, замяніўшы яго наступным: Si vis pacem, cole iustitiam — «Калі хочаш міру, імкніся да справядлівасці».

У велікапосны шлях духоўнай перамены, а таксама дасягнення міру ва Украіне і ў свеце пойдзем разам з Марыяй — Маці сацыяльнай справядлівасці, Заступніцы грэшнікаў і Каралевы супакою.

Пойдзем, каб пасля саракадзённага часу ласкі і збаўлення (пар. 2 Кар 6, 2), духоўна перамененыя і ўмацаваныя, мы маглі заспяваць радаснае Аллелюя — гімн перамогі Езуса над грахом і смерцю, а на нашай зямлі каб гучалі словы Уваскрослага Езуса: «Супакой вам» (Ян 20, 19).

Божа, Творца гісторыі, Ойча ўсіх народаў і Валадару чалавечых лёсаў! Вялікі і міласэрны Пане жыцця і супакою! Тваёй воляй ёсць мір, а не вайна! У гэты лёсавызначальны час нашай гісторыі мы звяртаемся да Цябе: Спашлі нам супакой твайго Валадарства! Дапамажы жыць у праўдзе, справядлівасці, узаемнай любові і духу прабачэння, каб мы ніколі больш не ўздымалі руку адзін на аднаго, а благаслаўлялі! Ацалі параненыя нянавісцю сэрцы! Прасвятлі аслеплены злосцю розум! Абудзі сумленне, каб мы маглі адрозніваць зло ад дабра і будаваць цывілізацыю любові, міра і жыцця!

Благаслаўленне Усемагутнага Бога: Айца і Сына, і Духа Святога няхай суправажае усіх нас на гэтым шляху.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 27 лютага 2022 г.

Абноўлена 08.03.2022 15:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця