Пошук

28.02.2022 14:50   Catholic.by

Жаданне больш глыбокага пазнання Бога і паглыблення сувязі з Ім прывяло 25 лютага сем асоб з Мінска і Паставаў у Мядзел на рэкалекцыі, якія праходзілі па методыцы Lectio Divina — чытанне Божага слова і разважанне над ім.

Мядзельскі рэкалекцыйны дом айцоў кармэлітаў гасцінна адчыніў ім дзверы, а айцец Аляксандр Стока OCD паклапаціўся пра тое, каб умовы дапамаглі сканцэнтравацца на тым, што Бог кожнаму хоча сказаць.

На працягу трох дзён айцец Пётр Фраштэнга OCD праз канферэнцыі, гаміліі, заклік да ўнутранай малітвы дапамагаў удзельнікам духоўных практыкаванняў адкрываць прыгажосць Бога, заключаную ў Божым слове. Асаблівую ўвагу айцец рэкалекцыяніст звярнуў на неабходнасць фармацыі, зрабіўшы асаблівы націск на фармацыі пачуццяў, якая працягваецца ўсё жыццё.

«Бог кожны дзень звяртаецца да нас у сваім слове. Слова дня — гэта прывітанне ад Бога; яно надае рытм нашаму жыццю і існаванню. Бог піша нам кожны дзень свой ліст, таму нельга ўспрымаць гэта як нешта, што мы ўжо ведаем. Але Бог у Святым Пісанні не становіцца нашым суразмоўцам, калі мы не адкрываем Біблію. Пачутае Божае слова рэалізуецца ў штодзённым жыцці і ўвечары яно набывае яшчэ большае багацце, бо да яго далучаюцца падзеі дня. Таму варта напрыканцы дня, падчас малітвы, паразважаць над тым, дзе мы не дазволілі Божаму слову дзейнічаць у нашым жыцці», — казаў айцец Пётр на рэклекцыях, якія працягваліся тры дні і завяршыліся ў нядзелю, 27 лютага.

Дзелячыся сваімі ўражаннямі, удзельнікі дзякавалі Богу за магчымасць удзелу ў гэтых духоўных практыкаваннях, за Эўхарыстыю, падчас якой прасілі аб неабходных ласках для сябе, сваіх родных і блізкіх, аб спыненні ваеннага канфлікту ва Украіне, аб Божым спакоі ў свеце і нашай любай Беларусі.

Яны ўдзячныя таксама гасцінным айцам кармэлітам за час адарацыі, унутранай малітвы, за Літургію гадзінаў, сакрамэнт паяднання і за ўсё, чым былі напоўнены гэтыя рэкалекцыі з Божым словам.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа