Пошук

17.02.2022 13:22   Фота: Аляксандр Бабынін / Catholic.by

Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч па запрашэнні біскупа Клеменса Пікеля ўзяў удзел у Дні кансэкраванага жыцця, які 16–17 лютага праходзіў у дыяцэзіі святога Клмэнта ў Саратаве (Расія).

Традыцыйна Дзень кансэкраванага жыцця адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 2 лютага, але з душпастырскіх меркаванняў у мясцовай каталіцкай дыяцэзіі ён быў перанесены на два тыдні пазней.

Дыяцэзіяльнай сустрэча прадстаўніц жаночых манаскіх супольнасцяў Паволжа, якая праходзіла пад дэвізам «Ідзем разам», сабрала пры парафіі Хрыста Валадара сусвету ў горадзе Марксе каля 50-і законніц і законнікаў.

Сустрэчу прадстаўнікоў мужчынскіх манаскіх інстытутаў тут плануецца правесці пазней.

Раніцай 16 лютага ў межах Дня кансэкраванага жыцця арцыбіскуп Кандрусевіч прадставіў даклад на тэму: «Камунія, удзел і місія — шлях да сінадальнай вясны Касцёла».

Напачатку ганаровы беларускі іерарх, згадаўшы сказаныя ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя Карлам Марксам словы, што «прывід камунізму бродзіць па Еўропе», зазначыў, што «сёння ўжо не „прывід камунізму“, а еўрасекулярызм увараўся на нашую зямлю».

«У цяжкія часы ганеняў нашыя продкі не толькі захавалі веру, але і перадалі яе маладому пакаленню. Ці мы зможам паўтарыць іх подзвіг? Час не чакае», — сцвердзіў арцыпастыр.

Ёе дадаў, што сучасныя выклікі не менш небяспечныя і ставяць перад Касцёлам шмат пытанняў, на якія трэба неадкладна адказваць. Менавіта для пошуку адпаведных адказаў, паводле арцыбіскупа Кандрусевіча, Папа Францішак прапануе Касцёлу супольны сінадальны шлях, які праходзіць пад дэвізам: «На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія».

«У сінадальнасці Папа бачыць магчымасць абнаўлення Касцёла, неабходнага для працягу яго місіі ў сучасным свеце. Гаворка ідзе пра новы, заснаваны на ўнутраным дыялогу, узаемным слуханні, большай адкрытасці для свецкіх і іх уключэнні ў жыццё Касцёла, спосаб яго функцыянавання», — падкрэсліў беларускі іерарх.

Распавёўшы пра гістарычныя падставы прынцыпу сінадальнасці ў супольнасці Касцёла, арцыбіскуп адзначыў, што сінадальны працэс — гэта не столькі сустрэчы біскупаў, колькі супольны шлях усіх вернікаў.

«Гэты шлях павінен прывесці да такой змены касцёльных структур, каб яны былі больш місійнымі, а агульнае пастырства — больш шырокім і адкрытым», — сцвердзіў іерарх, які ў беларускім каталіцкім епіскапаце адказвае за пытанні агульнага пастырства. Ён дадаў, што «сінадальны працэс пакліканы ўмацаваць нас у касцёльнай місіі абнаўлення, асабістага і пастырскага навяртання, дыялогу са светам і служэння чалавеку, а таксама будавання Касцёла-супольнасцыі праз адзінства, удзел і місію».

«Сінадальнасць з’яўлецца інтэгральнай часткай кансэкраванага жыцця, якое павінна нагадваць свету аб тым, што часовыя даброты не могуць быць мэтай, а толькі шляхам, які вядзе да мэты — да вечнага жыцця», — заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Увечары арцыпастыр з Беларусі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле Хрыста Валадара Сусвету ў Марксе. Падчас Эўхарыстыі адбылося аднаўленне прысутнымі на ёй кансэкраванымі асобамі манаскіх абяцанняў.

У прамоўленай гаміліі заслужаны беларускі іерарх, між іншым, адзначыў:

«Дзень кансэкраванага жыцця запрашае нас дзякаваць Богу за тых, хто праз выкананне евангельскіх парад чыстасці, убоства і паслухмянасці імкнецца ісці за Хрыстом і быць падобным да Яго. Такім чынам яны ахвяруюць сябе Хрысту, які, будучы цнатлівым, убогім і паслухмяным, збавіў чалавецтва. <…>

Беднасць кансэкраваных асоб з’яўляецца свабодай, чысціня — спосабам любові, а паслухмянасць — перамогай над грахоўным зняволеннем», — адзначыў арцыбіскуп, дадаўшы, што місія кансэкраванага жыцця залежыць перадусім ад сведчання, якое яно ўносіць у жыццё грамадства з мэтай яго перамены да лепшага. Арцыпастыр параіў прысутным на Эўхарыстыі кансэкраваным асобам чэрпаць сілы для выкання сваёй місіі з малітвы, Эўхарыстыі, жыцця згодна з духам евангельскіх парад, узаемнай любові і прабачэння, апостальскай дзейнасці, служэння бліжнім і спраў міласэрнасці.

Іерарх нагадаў, што аднаўленне манаскіх абяцанняў не павінна быць толькі фармальным абрадам, які паўтараецца штогод.

«Яно павінна адрадзіць у кансэкраванай асобе дух таго дня, калі праз абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці яна назаўжды прысвяціла сябе Богу», — падкрэсліў заслужаны беларускі іерарх.

На заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў законным сёстрам, каб свята Ахвяравання Пана, разважанне аб сутнасці кансэкраванага жыцця і аднаўленне манаскіх абяцанняў, умацаванае Эўхарыстыяй і малітвай, дапамагло ім у рэалізацыі Богам вызначанай місіі.

 

Абноўлена 17.02.2022 21:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця