18 лютага ў межах візіту ў дыяцэзію святога Клімэнта ў Саратаве арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч разам са сваім расійскім калегам біскупам Клеменсам Пікелем сустрэўся з праваслаўным епіскапам Пакроўскім і Мікалаеўскім Пахоміем (Брусковым).
Каталіцкія іерархі наведалі Свята-Троіцкі катэдральны сабор у горадзе Энгельс, у якім знаходзіцца ікона Маці Божай Тройчы Цудоўнай, або т.зв. Шанштацкай.
У епархіяльным упраўленні яны абмяркавалі з праваслаўным епіскапам маральныя выклікі і праблемы сучаснасці, пацвердзіўшы неабходнасць сумеснага хрысціянскага сведчання і абароны духоўных каштоўнасцяў.
Сустрэча прайшла ў духу братэрства. Епіскап Пахомій і біскуп Пікель дамовіліся аб арганізцыі супольных пілігрымак да праваслаўных і каталіцкіх святынь.
Акрамя таго, біскуп Клеменс Пікель запрасіў свайго беларускага сабрата ў cаратаўскі Caritas, заснаваны 30 гадоў таму арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, які ў той час нёс пастырскае служэнне ў Маскве. Беларускі іерарх распавёў пра дабрачынную дзейнасць у Беларусі, пра дасягненні і праблемы ў гэтай галіне.
Прадстаўнікі саратаўскага Caritas, сярод якіх ёсць і выхадцы з Беларусі, распавялі аб дабрачыннай працы на Паволжы, у Цэнтральнай Расіі, на Кубані і Паўночным Каўказе.
Шмат увагі было прысвечана дзейнасці Caritas ва ўмовах пандэміі каранавірусу і досведзе працы ў гэтай складанай сітуацыі.
Акрамя таго, саратаўцы цікавіліся станам Будслаўскай святыні і перспектывай аднаўлення пілігрымак. Традыцыйна пілігрымы з Саратава таксама бралі ўдзел у Будслаўскім фэсце і хацелі б, каб гэтая традыцыя працягвалася.