Пошук

24.02.2026 16:01   Тэкст: а. Юрый Кулай OCD / Фота: з архіва Рэгіянальнага вікарыяту кармэлітаў босых у Беларусі / Catholic.by

З 20 па 22 лютага ў сталічнай парафіі Божага Цела, якой апякуюцца кармэліты босыя, прайшлі вялікапосныя рэкалекцыі. Духоўныя практыкаванні ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх звярнуў увагу на вялікае значэнне таго, што рэкалекцыі праходзяць у самым пачатку Вялікага посту, што, напэўна дапаможа больш глыбока перажыць гэты перыяд пакаяння. Ён параўнаў Божае слова, якое прамаўляецца падчас рэкалекцый, з люстэркам, якое ніколі не падманвае, але заўсёды паказвае поўную праўду пра кожнага з нас.

На працягу трох дзён вернікі парафіі — дзеці, моладзь, дарослыя, сем’і, старэйшыя і хворыя — прымалі ўдзел у Эўхарыстыі, слухалі Божае слова, удзельнічалі ў спецыяльных сустрэчах і прыступалі да святой споведзі.

У першы дзень вернікі ўдзельнічалі ў набажэнстве Крыжовага шляху, які праводзіў рэкалекцыяніст. Разважанні былі ў форме рахунку сумлення, каб адпаведным чынам ацаніць свой духоўны стан і адкрыцца на Божую міласэрнасць.

Арцыбіскуп Кандрусевіч ў рэкалекцыйных разважаннях закрануў вельмі важныя тэмы для сучаснага Касцёла, сям’і і грамадства. Ён засяродзіў увагу на веры, якая ў кожнай сферы жыцця павінна знаходзіць сваё адлюстраванне ў канкрэтных учынках. Таксама арцыпастыр вернікаў заахвоціў ісці за заклікам Папы Льва XIV, каб на працягу ўсяго жыцця заставацца пігрымамі надзеі.

Кажучы пра любоў да Бога і бліжніх, рэкалекцыяніст падкрэсліў важнасць шчырай і трывалай малітвы як «духоўнага кіслароду», а таксама заахвоціў вучыцца любові і нясэнню штодзённага крыжа ад Хрыста, які не спыніўся насуперак цяжкасцям і назразуменню.

Падчас рэкалекцый кожная сям’я мела магчымасць атрымаць благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

На заканчэнне рэкалекцый пробашч парафіі айцец Юрый Кулай OCD выказаў словы ўдзячнасці арцыбіскупу Тадэвушу за тое, што, нягледзячы на ўзрост і нестабільны стан здароўя, прыняў запрашэнне правесці рэкалекцыі і не стамляецца рупліва абвяшчаць Евангелле. Вернікі парафіі таксама падзякавалі дастойнамі іерарху і рэкалекцыяністу за правядзенне вялікапосных духоўных практыкаванняў і павіншавалі яго з юбілеем 80-годдзя жыцця, пажадаўшы шчодрых Божых лаксаў і апекі Найсвяцейшай Панны Марыі.

Абноўлена 24.02.2026 17:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця