15 лютага прайшла анлайн-сустрэча Секцыі па міжрэлігійным дыялогу Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ), у якой ад беларускага каталіцкага епіскапату ўзяў удзел Старшыня Рады па справах экуменізму пры ККББ арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Заслужаны іерарх далучыўся да сустрэчы з Саратава (Расія), куды прыбыў па запрашэнні мясцовага біскупа Клеменса Пікеля для ўдзелу ў святкаваннях Дня кансэкраванага жыцця ў Саратаўскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі.
У анлайн-сустрэчы Секцыі па міжрэлігійным дыялогу ўдзельнічалі 44 прадстаўнікі епіскапатаў Еўропы.
Былі прадстаўленыя даклады на тэмы: «Дыялог з ісламам» і «Не толькі іслам. Абгрунтаваная панарама рэлігійнага плюралізму ў Еўропе».
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі міжрэлігійныя адносіны як ва ўсёй Еўропе, так і ў паасобных краінах нашага кантынента. Асаблівую ўвагу яны звярнулі на праблему мiгрантаў, якіх становіцца ўсё больш, і з гэтым звязана нямала праблем як для еўрапейцаў, так і для саміх мігрантаў. Трапляючы ў іншыя абставіны жыцця, яны часта адчуваюць цяжкасці ў працэсе інтэграцыі ў іншае культурнае асяроддзе.
На думку арцыбіскупа Кандрусевіча, найлепшым спосабам вырашэння праблемы мігрантаў было б забеспячэнне ім годных умоў жыцця на радзіме.
Заслужаны іерарх праінфармаваў удзельнікаў, што на беларуска-польскай граніцы ўсё яшчэ знаходзіцца немалая колькасць выхадцоў з Блізкага Усходу, якія чакаюць вырашэння іх праблемы.
«Каталіцкі Касцёл і іншыя рэлігійныя арганізацыі прымаюць актыўны ўдзел у гуманітарнай дапамозе ім.
Аднак неабходныя канкрэтныя дзеянні ўсіх зацікаўленых бакоў з мэтай вырашэння гэтай праблемы сёння і гарантый таго, каб падобнае не паўтарылася ў будучнi», — падкрэсліў арцыбіскуп.
Ён дадаў, што ў Беларусі міжрэлігійны дыялог развіваецца нармальна. Адносіны з мусульманамі і іншымі нехрысціянскімі рэлігіямі ён ахарактарызаваў як добрыя і канструктыўныя. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што ў нашай краіне арганізуюцца сумесныя малітоўныя сустрэчы прадстаўнікоў розных веравызнанняў, а таксама ў супрацоўніцтве з дзяржавай вядзецца супольнае абмеркаванне праблем сям’і, выхавання моладзі на духоўных каштоўнасцях, аховы жыцця і іншых сацыяльна значных пытанняў.