31 студзеня ў Мінску адбыўся Агульнабеларускі дзень кансэкраванага жыцця. Мерапрыемства на нацыянальным узроўні было арганізавана Каардынацыйнай групай вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.
Распачалася сустрэча ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, пасля чаго адбылася святая Імша. Цэлебрацыю ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і адказны за Інстытуты кансэкраванага жыцця і Таварыствы апостальскага жыцця пры ККББ біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
На распачацце святой Імшы кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату прывітаў усіх прысутных і выказаў вялікую радасць ад значнай колькасці розных кангрэгацый і таварыстваў на тэрыторыі Беларусі, якія ўзбагачаюць сваімі харызмамі нашу веру.
Гамілію прамовіў біскуп Касабуцкі. Ён узгадаў, што манаскія супольнасці сталі ўзнікаць з самага пачатку Касцёла, і што манаскае жыццё — гэта вялікі дар, які даецца Богам для здзяйснення адзінай мэты: збаўлення чалавека. Іерарх дадаў, што разнастайнасць харызмаў і стыляў манаскага жыцця з’яўляюцца каштоўнымі пярлінамі ў Касцёле і дапамагаюць людзям знайсці свой шлях да збаўлення.
«Сучасны свет усё часцей выбірае жыццё без Бога; людзі выбіраюць больш простыя рашэнні, забіваюць у сабе сумленне і, агульна кажучы, сучасны свет адыходзіць ад Бога, таму мы сёння патрабуем прарока. Менавіта такім прарокам становяцца манаскія супольнасці, розныя манаскія супольнасці, кожная ў сваёй харызме. Папа Францішак называе сучасных манахаў і манахінь жывою экзегезаю Божага Слова», — адзначыў біскуп. Ён заўважыў, што ў кансэкраваных асобах людзі бачаць прыклад тых, хто жыве з іншай іерархіяй каштоўнасцяў, а прыклад вельмі часта прамаўляе лепш, чым словы.
Напрыканцы гаміліі біскуп Касабуцкі звярнуўся да прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў з такімі словамі:
«Касцёл ускладае на вас вялікую надзею, бо, сапраўды, разам мы можам шмат, разам, мы сведкі Хрыста, і разам калісьці будзем праслаўляць Бога ў Божым Валадарстве».
Пасля гаміліі адбыўся абрад аднаўлення манаскіх абяцанняў чыстасці, убоства і паслухмянасці, якія закранаюць тры важныя сферы духоўнага жыцця.
Пасля Імшы са словам да кансэкраваных асоб звярнуўся біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх адзначыў вялікае значэнне Дня кансэкраванага жыцця для Каталіцкага Касцёла, які дазваляе кансэкраваным асобам аднавіць матывацыю свайго служэння.
«Служэнне кансэкраваных асоб важнае і для Касцёла, і для свету. Па-першае, Касцёлу патрэбна іх святасць. Па-другое, прыклад жыцця кансэкраваных асоб, якія добраахвотна ахвяравалі сваё жыццё Богу праз штодзённае выкананне евангельскіх парад убоства, чыстасці і паслухмянасці, узбагачае свет» — падкрэсліў біскуп Яшэўскі, які з нагоды Дня кансэкраванага жыцця скіраваў адмысловы зварот.
Пасля яго слова ўзяў старшыня Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Ён падзякаваў усім за супольную малітву і запрасіў на другую частку сустрэчы, якая адбывалася ў міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Рау.
Там адбыўся форум-абмеркаванне праекту «Кансэкраванае жыццё: рэфлексія-развіццё-аб’яднанне», скіраванага на павышэнне асабістай і прафісійнай кампетэнцыі кансэкраваных асоб.
Перад пачаткам працы са словам на распачацце звярнуўся біскуп Алег Буткевіч, які адзначыў, што ў сучасным свеце вельмі важна заставацца актуальным не толькі ў духоўнай сферы, але і ў сферы прафісійнай у якасці лідара альбо мэнэджара, таму каталіцкі Касцёл на Беларусі ўскладае вялікую надзею на плён гэтага праекту.
Пасля ксёндз Гайдукевіч прадставіў непасрэдна сам праект, яго неабходнасць, мэты і запланаваныя вынікі.
Праца над праектам адбывалася ў фармаце «Сусветнай кавярні», дзе падчас чатырох раўндаў удзельнікі змаглі абмеркаваць магчымасці рэалізацыі праекту, агучыць свае чаканні і матывацыі.
Абмеркаванне атрымалася вельмі жывым і плённым, усе прымалі актыўны ўдзел і атрымалі асалоду ад выкананай працы.
Завяршылася сустрэча супольнай малітвай і агульным фотаздымкам, а пасля ахвотныя мелі магчымасць наведаць Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.