Пошук

31.01.2022 08:08   Catholic.by

Зварот біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
на XXVІ Дзень кансэкраванага жыцця

Дарагія кансэкраваныя асобы ў Беларусі!
Шаноўныя святары!
Любыя браты і сёстры!

Штогадовы Сусветны дзень малітвы за кансэкраваных асоб адбываецца кожны год 2 лютага. На гэты дзень у календары Каталіцкага Касцёла прыпадае ўрачыстасць Ахвяравання Пана. Мы ўзгадваем, як Марыя і Юзаф, выконваючы закон Майсея, прынеслі свайго нованароджанага Сына ў святыню ў Ерузалеме, каб ахвяраваць Яго Богу. У гэты дзень быцькі Езуса прысвяцілі сваё Дзіцятка Богу, прынёсшы ў ахвяру пару туркавак. Так выглядала ахвяраванне, якое маглі скласці бедныя людзі.

2 лютага таксама называюць Грамніцамі, бо падчас святых Імшаў асвячаюць свечкі, якія сімвалізуюць святло Хрыстовае, што перамагае цемру ў свеце. Урачыстасць Ахвяравання Пана нагадвае дзень, у які Езус — Святло свету — увайшоў у святыню. Кансэкраваныя жанчыны і мужчыны пасля складзеных абяцанняў сваім жыццём сведчасць пра святло Хрыстовае.

Мэта Сусветнага дня кансэкраванага жыцця заключаецца ў тым, каб дапамагчы ўсяму Касцёлу яшчэ больш шанаваць сведчанне тых, хто вырашыў ісці за Хрыстом праз практыкаванне евангельскіх парад.

Гэта таксама нагода для кансэкраваных асоб аднавіць сваё пасвячэнне і нанава распаліць запал, які павінен натхніць іх на самаахвярнае служэнне Пану.

У Каталіцкім Касцёле ў Беларусі гэта таксама дзень удзячнасці кансэкраваным асобам, якія служаць і жывуць у нашай краіне.

Служэнне кансэкраваных асоб важнае і для Касцёла, і для свету. Па-першае, Касцёлу патрэбна іх святасць. Па-другое, прыклад жыцця кансэкраваных асоб, якія добраахвотна ахвяравалі сваё жыццё Богу праз штодзённае выкананне евангельскіх парад убоства, чыстасці і паслухмянасці, узбагачае свет.

Праз паслухмянасць яны знайшлі сапраўдную свабоду; дзякуючы чыстасці іх любоў скіравана не да аднаго чалавека, а да ўсіх людзей; убоства ж у сучасным свеце з’яўляецца сапраўднай каштоўнай пярлінай. Іх прыклад годных вучняў Хрыста натхняе нас, каб і мы адважна крочылі за нашым Панам, умацоўвалі супольнасць Касцёла і спрыялі яго сінадальнасці праз камунію, удзел і місію.

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі жадаю ўсім кансэкраваным асобам, каб прыклады Сімяона і Ганны натхнялі і падтрымлівалі вас. Як Сімяон, чакайце «суцяшэння Ізраэля».

Няхай сёння Дух Святы, які пасвяціў вас Хрысту, Божаму Месіі, у евангельскіх парадах, натхняе вас на вернасць чакання і на радасць сустрэчы з Эмануэлем!

Так, як Ганна ў сціплым і малітоўным жыцці, не стамляйцеся абвяшчаць хвалу Бога! Сваёй пакорнай прысутнасцю ў нашых супольнасцях вы паказваеце, што Езус, Сын Божы, які стаў чалавекам, які прыйшоў у свет і першы быў пасвячаны ў любові свайго Айца, заўсёды застаецца сярод нас.

Вы таксама паказваеце, што свет сам па сабе не мае мэты: ён нясе штосьці большае — Боскую Любоў, якая робіць усё новым.

Сваім сціплым, верным і моцным сведчаннем вы абараняеце чалавецтва ад забыцця пра гэтую Любоў.

Жадаю ўсім вам быць шчырымі перад Богам, светам і самімі сабой, каб вы маглі быць своеасаблівым дадаткам да Евангелля, з якога людзі змогуць лёгка чытаць прыгажосць Добрай Навіны і дзякуючы гэтаму запрагнуць любові, якая мае сваю крыніцу ва ўкрыжаваным Хрысце.

З благаслаўленнем,

біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Адказны за Інстытуты кансэкраванага жыцця і Таварыствы апостальскага жыцця

пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Абноўлена 31.01.2022 17:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа