Пошук

25.01.2022 17:24   Тэкст: Вераніка Раманенкава / Фота: Фота: брат Алег Шэнда OFMCap, Алена Францкевіч, Марыя Шульгат, Крысціна Арлёнак / Catholic.by

23 студзеня завяршыўся трэці фестываль мастацтваў «Раство з капуцынамі». Большасць фестывальных падзей праходзіла ў парафіі святога Францішка Асізскага ў Копішчы, а фінальны канцэрт адбыўся ў Докшыцах.

Сёлета фестываль набыў афіцыйны статус, свой адметны дакумент — дыплом, прафесійны калектыў журы і арганізатараў.

Варта асобна звярнуць увагу на дыплом фестывалю: яго канцэпцыя пабудавана на аснове фотаздымка, зробленага з арыгінальнага слуцкага пояса, на фоне якога змешчана сімволіка святога Францішка.

Аўтар дызайну фестывальнага дыплома Яна Сурмачэўская такім чынам пажадала падкрэсліць пераемнасць мастацкіх традыцый роднага краю.

У межах сёлетняга фестывалю адбыўся шэраг мерапрыемстваў і канцэртаў.

12 снежня мінулага года падрыхтоўчым этапам для святкавання Божага Нараджэння стаў майстар-клас па прыгатаванні вігілійнага стала, на якім ўдзельнікі змаглі пазнаёміцца з рэцэптамі і сакрэтамі прыгатавання вігілійных страваў, сервіроўкай стала, застольным этыкетам, фларыстычнамі ўпрыгожваннямі  каляднага стала; адчуць доўгачаканыя эмоцыі каляднай радасці.

19 снежня разгарнуўся парафіяльны калядны кірмаш.

Свечкі, пірагі, цукеркі, мандарынавы джэм, паштоўкі, цацкі, пернікі, кампазіцыі для святочнага стала былі выкананыя дзецьмі і моладдзю.

Далучыўся да такога маштабнага дзеяння і брат Войтэк Урублеўскі OFMCap з Докшыцаў. Ён прапанаваў увазе парафіянаў уласнаручна вырабленыя батлейкі. Усе ахвяраванні, атрыманыя ад кірмашу, былі скіраваныя на дабрачынную акцыю «Цуд на Раство». Дзякуючы карпатлівай працы дзетак, моладзі, братоў капуцынаў і валанцёраў парафіі, людзі ў патрэбе атрымалі на святы мікрахвалевыя печы і пыласос.

9 студзеня з калядным канцэртам у касцёле парафіі святога Францішка ў Мінску выступілі знакаміты гусляр Алесь Чумакоў і спявачка Таццяна Ячная.

16 студзеня парафія святога Францішка зноў сустракала гасцей. З каляднымі спевамі сюды завіталі хор Gloria Dei і Surrexit з парафіі святой Тройцы ў Докшыцах на чале з мастацкім кіраўніком Таццянай Суднік, а таксама хор «Херубімы» парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску са сваім мастацкім кіраўніком Вольгай Касарэўскай. Акрамя таго, для парафіянаў і гасцей фестывалю заспяваў і «мясцовы» хор Transitus (дзіцячы і дарослы склад, мастацкі кіраўнік — Вераніка Раманенкава).

На святочнай Імшы тры хоры аб’ядналіся ў адно цэлае і ўтварылі сугучную малітву непаўторная прыгажосці.

23 студзеня адбыўся фінальны канцэрт фестывалю. Гэтым разам фестывальны рух перамясціўся ў парафію святой Тройцы Докшыцах, дзе гасцінна віталі артыстаў пробашч парафіі брат Віталій Бандаронак, усе браты капуцыны і сёстры адаратаркі Крыві Хрыста.

Фестываль мастацтваў «Раство з Капуцынамі» запрашае ўсіх ахвотных узяць удзел у святочных мерапрыемствах у наступным годзе. З пытаннямі можна звяртацца на электронны адрас: s.minsk.cap@gmail.com

Абноўлена 25.01.2022 17:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.