1 студзеня арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў санктуарый Маці Божай Фацімскай у Жодзіне, каб павіншаваць аднаго з найстарэйшых у Беларусі каталіцкіх святароў ксяндза Юзафа Пятушку МІС з Новым годам, і цэлебраваў Эўхарыстыю ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі.
Заслужанага іерарха ў Жодзіне радасна віталі мясцовыя вернікі і іх душпастыры, ксяндзы з законніцкай супольнасці марыянаў: пробашч парафіі ксёндз Міхал Цвячкоўскі МІС, ксёндз Юзаф Пятушка МІС і ксёндз Аляксандр Шамрыцкі МІС.
На пачатку Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч павіншаваў прысутных вернікаў з Калядамі і Новым годам, пажадаўшы ім Божага бласлаўлення і шчодрых дароў ад Нованароджанага Збаўцы.
У гаміліі арцыпастыр звярнуў увагу на тое, што ў першы дзень Новага года Бог як быццам укладае ў рукі чалавека сшытак, у якім 365 пустых старонак.
«Мы на іх павінны штосьці напісаць. Што мы там напішам, залежыць толькі ад нас саміх», — заўважыў іерарх.
Ён падкрэсліў, што Новы Год распачынаецца святам Багародзіцы Марыі, таму неабходна новы этап нашага жыцця даверыць Марыі, бо Яна — найкарацейшы шлях да Езуса, нашага Збаўцы.
Арцыбіскуп таксама нагадаў, што першы дзень Новага года — гэта Сусветны дзень малітваў аб міры.
«На фоне думак пра мір і супакой мы бачым, што сустрэча Новага года адбываецца ў мітусні, гомане, вельмі гучнай музыцы, феерверках і іншых забавах. <…> Аднак мы, хрысціяне, павінны распачынаць новы этап нашага жыцця з малітвай, хоць замест гэтага становімся сведкамі не заўсёды маральных паводзін на Новы год.
Чалавек забываецца, што дым феерверкаў развеецца і шум сціхне, але праблемы застануцца, і іх вырашыць можа толькі Бог. Таму на пачатку Новага года трэба шукаць дапамогі не ў бляску феерверкаў і ў гучнай музыцы, але ў Езуса, якога нарадзіла Марыя і да якога Яна нас вядзе», — падкрэсліў арцыпастыр.
Ён пазнаёміў прысутных са зместам сёлетняга Паслання Папы Францішка на Сусветны дзень малітваў аб міры. У ім Святы Айцец напісаў, што дыялог, адукацыя і праца з’яўляюцца адпаведнымі прыладамі для ўсталявання сапраўднага міру.
«Гэтыя тры шляхі дасягнення міру актуальныя як ва ўсім свеце, так і ў нашай Бацькаўшчыне», — падкрэсліў заслужаны беларускі іерарх.
Ён заклікаў вернікаў прасіць дапамогі Марыі, каб мы належным чынам выкарысталі прапанаваныя Папам Францішкам шляхі, каб мір усталяваўся ў нашых сэрцах і грамадстве.
Арцыбіскуп Кандрусевіч таксама выказаў надзею на далейшае развіццё культу Маці Божай Фацімскай у распачатым Новым годзе, калі будзе адзначацца 105-я гадавіна Фацімскіх аб’яўленняў.
Цэнтрам гэтага культу ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з’яўляецца менавіта жодзінскі санктуарый, дзе нясе служэнне адзін з найстарэйшых у нашай краіне каталіцкіх святароў Юзаф Пятушка МІС, які летась адзначыў сваё 90-годдзе.