Пошук

31.12.2021 08:45   Catholic.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

«ДЫЯЛОГ ПАКАЛЕННЯЎ, АДУКАЦЫЯ І ПРАЦА: ІНСТРУМЕНТЫ ДЛЯ ПАБУДОВЫ ТРЫВАЛАГА МІРУ»

Каментар да Паслання папы Францішка на 55-ты Сусветны дзень малітваў аб міры

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую з Новым 2022 годам, у які мы ўваходзім ва ўрачыстасць Багародзіцы Марыі. Жадаю ўсім вам Божага благаслаўлення, апекі Божай Маці, добрага здароў’я, здзяйснення мар і планаў на новым жыццёвым этапе, а нашай Айчыне — хутчэйшага мірнага і справядлівага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу, які становіцца хранічнай хваробай грамадства.

У Новы год мы ўступаем з традыцыйным, ужо 55-м, Пасланнем папы на Сусветны дзень міру. Гэты малітоўны марафон за мір у сучасным свеце распачаў святы Павел VI у далёкім 1968 годзе. З таго часу ўсе пантыфікі на Новы Год — своеасаблівы пачатак новага этапу нашага жыцця — звяртаюцца да чалавецтва са спецыяльным Пасланнем, якое з’яўляецца адказам на канкрэтныя выклікі часу для дасягнення міру ў сучасным падзеленым свеце. Мэта Сусветнага дня міру — прапанаваць рэцэпт для вырашэнне канфліктаў, а таксама ўмацаваць веру і надзею на захаванне або аднаўленне міру.

У сёлетнім Пасланні, прысвечаным тэме: «Дыялог пакаленняў, адукацыя і праца: інструменты для пабудовы трывалага міру», папа Францішак заклікае да будавання дыялогу паміж пакаленнямі як падмурку для ажыццяўлення супольных планаў; адукацыі як фактара свабоды, адказнасці і развіцця; а таксама высілкаў з мэтай рэалізацыі чалавечай годнасці і забеспячэння працы. У ім Святы Айцец звяртае ўвагу на тры актуальныя кантэксты праблемы міру і прапануе тры шляхі яго дасягнення.

У кожную эпоху развіцця чалавецтва мір з’яўляецца адначасова дарам звыш і плёнам сумесных намаганняў.

Насамрэч існуе «архітэктура» міру, якую ствараюць розныя грамадскія інстытуты, і ёсць «рамяство» міру, якое датычыцца кожнага з нас асабіста. Усе, пачынаючы ад уласнага сэрца і адносін у сям’і, у грамадстве і навакольным асяроддзі, да адносін паміж народамі і дзяржавамі, могуць працаваць разам, каб спрыяць пабудове больш мірнага свету (пар. ПДМ 55, 1).

2. На пачатку Паслання Пантыфік прадстаўляе трывожны аналіз сучаснасці. Шлях міру, які папа Павел VI назваў інтэгральным развіццём, на жаль, застаецца далёкім. Нягледзячы на шматлікія намаганні, скіраваныя на канструктыўны дыялог паміж рознымі краінамі, аглушальны шум войнаў і канфліктаў узмацняецца, развіваюцца розныя пандэмічныя хваробы, паглыбляюцца наступствы змены клімату і разбурэння наваколля, пагаршаецца трагедыя голаду і смагі, прадаўжае дамінаваць заснаваная на індывідуалізме, а не на салідарным падзеле, эканамічная мадэль (пар. ПДМ 55, 1).

Прапанаваныя папам і згаданыя вышэй тры шляхі вырашэння праблемы: дыялог пакаленняў, адукацыя і праца неабходныя для сацыяльнага ўрэгулявання, без якіх любы мірны праект будзе непаслядоўным (пар. ПДМ 55, 1).

3. Разважаючы пра праблему дыялогу паміж пакаленнямі, папа нагадвае, што паміж эгаістычнай абвыякавасцю і выкліканым гвалтам пратэстам заўсёды існуе варыянт дыялогу.

Шчыры дыялог патрабуе даверу паміж суразмоўцамі. Таму найперш неабходна вярнуцца да ўзаемнага даверу. Дыялог азначае слухаць адзін аднаго, дамаўляцца і ісці разам. Развіваць дыялог азначае аслабляць цвёрдую і бясплодную глебу канфліктаў і непрыняцця, каб культываваць на ёй насенне трывалага і агульнага міру.

Калі тэхналагічнае і эканамічнае развіццё часта дзеліць пакаленні, то сучасныя крызісы выяўляюць неабходнасць іх прымірэння. З аднаго боку, моладзь патрабуе экзістэнцыяльнага, мудрага і духоўнага вопыту старэйшых. З іншага ж, пажылыя людзі маюць патрэбу ў падтрымцы, любові, творчасці і дынамізме моладзі.

Грамадскія выклікі сучаснасці і міратворчыя працэсы не могуць абысціся без дыялогу паміж захавальнікамі памяці — старэйшымі — і маладымі, якія далей ствараюць гісторыю. Яны таксама не могуць абысціся без гатоўнасці старэйшых вызваліць месца малодшым.

Сучасны глабальны крызіс паказвае, што ў сустрэчы і дыялогу пакаленняў знаходзіцца рухаючая сіла здаровай палітыкі, якая не задавальняецца вырашэннем крызісных сітуацый з дапамогай хуткіх выпраўленняў, але якая прапануе сябе ў якасці узвышай формы любові да іншых, у пошуку агульных і ўстойлівых праектаў.

Практыка здаровага дыялогу паміж пакаленнямі дапамагае ўкараніцца ў сучаснасці, каб сустрэцца з мінулым і будучым. Сустрэцца з мінулым, каб вучыцца гісторыі і лячыць раны, якія нас абмяжоўваюць у дзеянні. Сустрэцца з будучым азначае ўмацаваць наш энтузіязм. Сустрэча з будучыняй умацоўвае энтузіязм, дазвавяле ажыццявіцца марам, абуджае прароцтва, прымушае квітнець надзеі.

Словам, без аб’яднання і дыялогу пакаленняў мы не зможам вучыцца адзін у аднаго, падобна таму, як дрэвы не могуць расці і пладаносіць без каранёў (пар. ПДМ 55, 2).

4. Вялікую трывогу ў Пантыфіка выклікае сусветная тэндэнцыя скарачэння бюджэтаў на адукацыю і выхаванне, і ў той жа час павялічванне іх на ўзбраенне.

Свет забываецца пра тое, што адукацыя і выхаванне з’яўляюцца крыніцай інтэгральнага чалавечага развіцця.

Яны робяць чалавека больш свабодным і адказным, а таксама неабходныя для абароны і ўмацавання міру паміж народамі. Іншымі словамі, яны з’яўляюцца падмуркам згуртаванага цывілізаванага грамадства, здольнага нараджаць надзею, дастатак і прагрэс. Між тым выдаткі на ўзбраенне растуць вельмі моцна. У сувязі з гэтым Пантыфік заклікае ўлады памяняць адносіны паміж дзяржаўнымі інвестыцыямі ў адукацыю і рэсурсамі, якія выдзяляюцца на ўзбраенне.

Пры гэтым трэба памятаць, што разбраенне можа прынесці вялікую карысць развіццю народаў і нацый, вызваляючы фінансавыя рэсурсы для аховы здароўя, адукацыі, развіцця інфраструктуры, вырашэння экалагічных праблем і г.д.

Папа таксама выказвае надзею на тое, што інвестыцыі ў адукацыю будуць ісці поруч з большай прыхільнасцю да развіцця культуры клопату. Ва ўмовах розных крызісаў яна можа стаць агульнай мовай, якая ламае бар’еры і будуе масты. Грамадства развіваецца, калі ў дыялогу ўдзельнічаюць яго розныя культурныя багацці, такія як народная, універсітэцкая, моладзевая, мастацкая, тэхналагічная, эканамічная, сямейная і медыйная культуры. Таму неабходна распрацаваць новую культурную парадыгму праз глабальны адукацыйны пакт для маладых пакаленняў і разам з маладымі пакаленнямі, які ўключаў бы сем’і, суполкі, школы і ўніверсітэты, установы, рэлігіі, дзяржаўных кіраўнікоў, усё чалавецтва, у фармаванне сталых людзей.

Інвестыцыі ў адукацыю і выхаванне маладых пакаленняў — гэта галоўны шлях, які праз адпаведную падрыхтоўку вядзе іх да заняцця належнага месца ў свеце працы (пар. ПДМ 55, 3).

5. Праца з’яўляецца незаменным фактарам будавання і захавання міру. У ёй чалавек не толькі праяўляе сябе і свае здольнасці, але таксама прыхільнасць, намаганні, супрацоўніцтва з іншымі, таму што працаваць заўсёды даводзіцца з кімсьці ці для кагосьці. У такой сацыяльнай перспектыве праца — гэта месца, дзе мы вучымся рабіць свой унёсак у больш прыхільны і прыгожы свет.

Пандэмія каранавірусу пагоршыла свет працы. Няпэўная занятасць становіцца ўсё больш уразлівай. Дыстанцыйнае навучанне вядзе да заняпаду навукі і адукацыі. Рост беспрацоў’я адкрывае драматычную перспектыву. У трагічнай сітуацыі знаходзяцца бежанцы і мігранты. Толькі трэцяя частка працаздольнага насельніцтва свету карыстаецца сістэмай сацыяльнай абароны. У многіх краінах расце арганізаваная злачыннасць і гвалт, абмяжоўваецца свабода і годнасць людзей, што перашкаджае развіццю эканомікі і агульнага дабра.

Адзіным адказам на гэтую сітуацыю можа стаць пашырэнне магчымасцяў для годнай працы.

Таму неабходна аб’яднаць ідэі і намаганні з мэтай стварэння ўмоў і пошуку рашэнняў, пры якіх кожны працаздольны чалавек будзе мець магчымасць сваёй працай зрабіць пасільны ўнёсак у жыццё сям’і і грамадства.

Трэба таксама спрыяць годным умовам працы ў арыентаваным на агульнае дабро і абарону стварэння свеце. Для гэтага неабходна забяспечваць і падтрымліваць свабоду эканамічнага прадпрымальніцтва з пачуццём сацыяльнай адказнасці, каб прыбытак не быў адзіным кіруючым крытэрыем. Таму кампаніі павінны заахвочваць, прымаць і падтрымліваць ініцыятывы, якія паважаюць фундаментальныя правы працаўнікоў з мэтай рэалізацыі чалавечай годнасці, што, у сваю чаргу, спрыяе пабудове міру. У гэтай сувязі палітыка павінна адыгрываць актыўную ролю, спрыяючы справядліваму балансу паміж эканамічнай свабодай і сацыяльнай справядлівасцю. Сацыяльная вучэнне Касцёла можа быць дапамогай у гэтым працэсе (пар. ПДМ 55, 4).

6. Напрыкацы свайго Паслання папа Францішак выказвае падзяку ўсім, хто спрыяў і працявае спрыяць вырашэнню выкліканых пандэміяй каранавірусу праблем.

Пантыфік таксама звяртаецца да ўладау, да адказных за палітыку і сацыяльныя справы, да касцёльных супольнасцяў, да ўсіх людзей добрай волі з запрашэннем ісці разам па гэтых трох шляхах: дыялогу пакаленняў, адукацыі і працы. Ісці адважна і творча, каб станавіцца рэальнымі будаўнікамі міру.

7. Такім чынам Пантыфік прапануе іннавацыйнае Пасланне, якое адпавядае патрэбам сучаснасці і будучыні. У ім папа зыходзіць з прынцыпу, што неабходна чытаць знакі часу вачыма веры, каб яны ўзнялі новыя і старыя пытанні, з якімі неабходна сутыкнуцца.

Гэтыя тры кантэксты: дыялог пакаленняў, адукацыя і праца з’яўляюцца актуальнымі як для ўсяго свету, так і для нашага грамадства. Яны схіляюць нас да развіцця салідарнасці паміж старэйшым і маладым пакаленнямі, выкарыстання адукацыі і выхавання, а таксама развіцця адпаведнага жыццёвым патрэбам справядлівага рынку працы з мэтай паяднання нашага грамадства і будавання трывалага міру.

Няхай сёлетняе Паслане папы Францішка дапаможа свету і нам у вырашэнні надзённых праблем, з якімі мы сутыкаемся

На гэты шлях прыміце благаслаўленне ў імя Айца, † і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 26 снежня 2021 г., свята Святой Сям’і

Абноўлена 01.01.2022 08:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа