25 снежня, ва ўрачыстасць Нараджэння Пана, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч пасвяціў касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці ў Гродне (Аўгустовак).
Як адзначаецца на Grodnensis.by, новая святыня ў стылі неабарока, цэнтральны фасад якога сваімі абрысамі нагадвае Вострую Браму ў Вільні, была пабудавана на тэрыторыі былога маёнтку Аўгустовак, што некалі належаў апошняму каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Аўгусту Панятоўскаму.
Парафія, якая мае тытул галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, была зарэгістравана дзяржаўнымі ўладамі 10 студзеня 1998 года.
На Імшы сабраліся шматлікія парафіяне разам са сваім пробашчам ксяндзом Аляксандрам Шэметам, які на пачатку літургіі прывітаў усіх гасцей і ахвярадаўцаў.
Удзельнікі Эўхарыстыі асаблівым чынам дзякавалі Пану Богу за дар новага парафіяльнага касцёла, а таксама маліліся за ўсіх людзей добрай волі, якія прычыніліся да яго ўзвядзення.
Гамілію прамовіў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч, які нагадаў гісторыю парафіі і будаўніцтва святыні, якое не было лёгкім. Святар падкрэсліў, што дзякуючы стараннай малітве пробашча і яго парафіянаў удалося завяршыць будаўніцтва касцёла, які так патрэбны вернікам.
На заканчэнне Імшы пробашч выказаў удзячнасць усім, хто падтрымліваў будаўніцтва на розных этапах і ўдзельнічаў у ім.
У сваю чаргу біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што новы касцёл яшчэ больш упрыгожыць горад на Нёмане, а таксама стане для парафіянаў асаблівым месцам сустрэчы з Богам.
Іерарх падзякаваў вернікам таксама за ўтварэнне жывога Касцёла, якім з’яўляюцца яны самі, бо без іх, дадаў ён, святыня была б пустой.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне выказаў падзяку пробашчу парафіі ксяндзу Аляксандру Шэмету і вернікам за іх старанні і самаадданасць, дзякуючы чаму ва ўрачысты дзень Божага Нараджэння чарговая каталіцкая святыня адчыніла свае дзверы. Біскуп пажадаў, каб Хрыстус, народжаны з Панны Марыі, быў у сэрцы кожнага чалавека не толькі ў святы, але і кожны дзень, даючы свае дары і тое, што кожнаму патрэбна для душы і цела.