Пошук

24.12.2021 06:00   Catholic.by

ПАВЕДАМЛЕННЕ
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
на свята Святой Сям’і
духавенству, кансэкраваным асобам, свецкім вернікам і ўсім людзям добрай волі

У першую нядзелю пасля ўрачыстасці Нараджэння Пана Каталіцкі Касцёл адзначае свята Святой Сям’і, якое адначасова з’яўляецца святам усіх сем’яў, бо слова «сям’я» — гэта агульнае імя Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і кожнай сям’і. Сям’я паходзіць ад Бога і вядзе да Бога.

Гэтае свята пачало адзначацца ў розных краінах з XVIII стагоддзя і было зацверджана Папам Львом ХІІІ. Па рашэнні Папы Бэнэдыкта XV, яно пачало адзначацца ва ўсім Касцёле. Такім чынам Касцёл паказвае сужэнства як прастору асвячэння і месца, дзе адбываюцца вялікія рэчы.

Адна з такіх вялікіх рэчаў — гэта «духоўнае ўсынаўленне», якое многія з вас здзейснілі дзевяць месяцаў таму, ва ўрачыстасць Звеставання Пана. Вы, якія датрывалі да канца, ведаеце, як нялёгка заставацца паслядоўным і непарушным, каб стрымаць абяцанне маліцца ў інтэнцыі дзіцяці, што знаходзіцца ва ўлонні маці, і якому пагражае небяспека аборту. Вашая адвага абвяргае хлусню гэтага свету, які кажа, што зямля нібыта «перанаселена».

Сёння, у свята Святой Сям’і, мы хочам падзякаваць вам за адкрытасць і адвагу ў падтрымцы жыцця ад зачацця ажно да натуральнай смерці.

Стоячы на парозе Новага, 2022 года, які неўзабаве распачнецца, мы жадаем, каб ён прынёс хрысціянскім сем’ям новыя сілы для служэння жыццю чалавечай асобы.

Няхай усім гэтым намагагнням і ініцыятывам спадарожнічае наша пастырскае благаслаўленне, якое ад усяго сэрца вам удзяляем.

Каталіцкія біскупы Беларусі

Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Старшыня Рады па справах сям’і

Мінск, 19 снежня 2021 г.

P.S. Гэтае паведамленне належыць прачытаць ва ўсіх святынях Беларусі ў свята Святой Сям’і 26 снежня 2021 года.

Абноўлена 24.12.2021 06:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця