17 снежня, напярэдадні Міжнароднага дня мігранта, прадстаўнікі Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas перадалі святочныя падарункі для дзяцей мігрантаў, якія сталі ахвярамі міграцыйнага крызісу і апынуліся ў нялюдскіх умовах на беларуска-польскай граніцы.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, падарункі былі дастаўлены ў транспартна-лагістычны цэнтр, што стаў часовым прытулкам для людзей з краін Блізкага Усходу, сярод якіх нямала жанчын і дзяцей.
Падарункі, набытыя за кошт ахвяраванняў, пералічаных на спецыяльна адкрыты Caritas Беларусь дабрачынны рахунак для мігрантаў, разам з віншаваннямі перадалі дырэктар Caritas Беларусь ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч і дырэктар Caritas Гродна ксёндз Раман Рачко.
Гэта была ўжо чарговая партыя дапамогі, перададзеная вернікамі Касцёла на Беларусі мігрантам праз дабрачынную каталіцкую арганізацыю Caritas.
Акрамя гуманітарнай дапамогі, у святынях нашай краіны ўзносяцца малітвы ў інтэнцыі мігрантаў, а таксама ўсіх тых, ад каго залежыць вырашэнне гэтай сітуацыі, каб яна была вырашана як найхутчэй мірным шляхам, з павагай да годнасці кожнага чалавека.





















