
14 снежня ў Браславе адбылося пахаванне ксяндза Міхала Сапеля, першага пробашча адроджанай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску, першага старшыні камісіі па перакладах літургічных тэкстаў на беларускую мову і першага дырэктара Сaritas Мінск і Сaritas Беларусь.
Напярэдадні са сваім шматгадовым душпастырам, які адышоў у вечнасць 10 снежня, развіталіся вернікі сталічнай Залатагорскай парафіі. Пасля жалобнага набажэнства і абраду апошняга даручэння і развітання труна з целам спачылага святара была дастаўлена на яго радзіму, у Браслаў.
У браслаўскай святыні, перад цудадзейным абразом Маці Божай Валадаркі Азёраў, дзе ў дзяцінстве маленькі Міхал служыў як міністрант і дзе адчуў голас паклікання да святарства, увечары 13 снежня адбылася святая Імша, пасля чаго на працягу ўсёй ночы пры труне маліліся мясцовыя вернікі.
На наступны дзень цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы ў браслаўскім санктуарыі ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Старшыня канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, які таксама з’яўляецца ўраджэнцам Браслава. Іерарх зазначыў, што і яго пакліканне да святарства даспявала шмат у чым дзякуючы духоўнай падтрымцы старэйшага земляка, чый прыклад стаў для яго своеасаблівым «Божым знакам». У студэнцкія гады будучы пастыр Касцёла Віцебскай дыяцэзіі сустрэў у Мінску ксяндза Міхала Сапеля, які дапамог яму знайсці свой шлях да служэння Хрысту ў святарстве.

На пачатку цэлебрацыі біскуп Буткевіч выказаў спачуванні прысутнай на Імшы маме спачылага святара Леакадзіі і яго старэйшаму брату Аляксандру з сям’ёй.
Як і ў бацькоўскай сям’і, у сям’і Аляксандра Сапеля адзін з сыноў стаў святаром у законніцкай супольнасці Таварыства Боскага Збавіцеля (сальватарыянаў).
Пляменнік ксяндза Міхала ксёндз Аляксандр Сапель SDS маліўся за свайго памерлага дзядзю разам з сабратамі, якія нясуць служэнне ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў, іншымі прысутнымі святарамі і шматлікімі вернікамі, якія прыбылі на пахаванне з розных мясцін.

У цэлебрацыі ўзяў удзел таксама Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які на працягу васьмі гадоў блізка супрацоўнічаў са спачылым ксяндзом Міхалам і, як і напярэдадні ў Мінску, прамовіў гамілію на пахавальнай святой Імшы. З удзячнасцю Богу і сям’і за дар жыцця ксяндза Міхала, іерарх узгадаў яго нядоўгі, але яскравы і насычаны зямны шлях.
«Ксёндз Міхал нарадзіўся ў Браславе, і тут, дзе ўсё пачалося, завяршаецца яго зямная вандроўка», — адзначыў біскуп Касабуцкі, дадаўшы, што яго жыццё стала прыкладам цудоўнага дзеяння Божага Провіду.

Распавёўшы пра першыя крокі будучага святара на дарозе паклікання, што прывяла яго з бацькоўскага дома спачатку ў медыцынскае вучылішча ў латвійскім Даўгаўпілсе, адкуль ужо прасцей было паступіць у духоўную семінарыю ў Рызе — адну з дзвюх каталіцкіх навучальных устаноў у былым Савецкім Саюзе, якія рыхтавалі духавенства, — біскуп нагадаў, што святарскае пасвячэнне Міхал Сапель прыняў ва ўзросце ўсяго 22-х гадоў. Для гэтага быў неабходны Папскі дазвол, і каб яго атрымаць, кандыдат сам напісаў просьбу ў Ватыкан на лацінскай мове, у якой абгрунтаваў сваё вялікае жаданне быць святаром.
Пасля пасвячэння свой першы дэкрэт — прызначэнне вікарыем у адзіны дзеючы тады ў Мінску касцёл Узвышэння Святога Крыжа на кальварыйскіх могілках — самы малады ў той час беларускі святар атрымаў ад тагачаснага Апостальскага адміністратара для католікаў Беларусі біскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Пазней першы арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Казімір Свёнтэк, будучы кардынал, даручыў ксяндзу Міхалу душпастырства сталічных католікаў, якія жадалі маліцца на роднай мове. Набажэнствы пачалі праводзіцца ў касцёле святога Роха, дзе тады яшчэ размяшчалася філарманічная зала камернай музыкі, і там паступова складалася сённяшняя Залатагорская парафія, вядомая ва ўсёй Беларусі як важны духоўны асяродак нашай краіны.
Іерарх дадаў, што гэтая супольнасць дзякуючы ксяндзу Міхалу з самага пачатку адрознівалася шчырай, цёплай атмасферай і стала «сапраўднай Божай сям’ёй».
Акрамя душпастырскай працы, маладому святару было даручана займацца падрыхтоўкай перакладаў літургічных тэкстаў на беларускую мову, з чым ён паспяхова справіўся, узначаліўшы спецыяльна створаную для гэтага камісію. Галоўным вынікам яе працы стала выданне «Рымскага Імшалу для дыяцэзій на Беларусі» — галоўнай літургічнай кнігі Касцёла на роднай мове.

Пазней ксёндз Міхал атрымаў яшчэ адно заданне — арганізаваць дабрачынную дзейнасць, і дзякуючы яму было створана і распачало дзейнічаць дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas на ўзроўні архідыяцэзіі, а пазней і на нацыянальным узроўні.
Асаблівым чынам біскуп Касабуцкі падкрэсліў, што, па словах самога ксяндза Міхала, спраўляцца з усімі няпростымі заданнямі, якія былі яму даручаны ў Касцёле, яму дапамагала моцная вера, малітва і поўны давер Езусу: маўляў, калі гэта Божая справа, яна атрымаецца, а калі не, то не варта аб гэтым і перажываць.
Аднак не касцёльныя пасады, а менавіта святарскае служэнне было галоўным у жыцці ксяндза Міхала, які да самай смерці быў alter Christus — «другім Хрыстом» — і прывёў вялікую колькасць людзей да Бога; які абвяшчаў Божае слова, настаўляў, быў духоўным кіраўніком і спаведнікам для вялікай колькасці людзей, у тым ліку многіх святароў.
«Учора, калі было развітанне ў Мінску, святыня на Залатой Горцы не змясціла ўсіх, хто хацеў развітацца з ксяндзом Міхалам: шмат людзей стаяла на вуліцы, нягледзячы на тое, што было халодна, вецер; але ніхто не адыходзіў, людзі стаялі, маліліся. Людзі прыходзілі, каб падзякаваць Богу за гэтага святара, які быў сапраўдным „другім Хрыстом“», — зазначыў біскуп Касабуцкі, дадаўшы, што дзякуючы яго прыкладу і малітве многія святары і сёстры законныя распазналі сваё пакліканне да службы Богу. Па словах іерарха, крыніцаю сіл для спачылага святара быў толькі Хрыстус, які дапамагаў яму заўсёды заставацца чалавекам, быць адкрытым на іншых людзей і ўсё рабіць не для сябе, а для Бога і Яго хвалы.

На заканчэнне святой Імшы біскуп Буткевіч падзякаваў усім, хто ўзяў у ёй удзел, асаблівым чынам хору парафіі з Браслава і мінскаму хору «Залатая Горка», якія пранікнёным спевам суправаджалі пахавальныя абрады.
«Няхай памяць пра ксяндза Міхала ў нашых малітвах трывае заўсёды, бо гэта дар Божы з нашай зямлі; гэта пакліканне, вымаленае праз заступніцтва Божай Маці, якая была яго служэннем таксама праслаўлена», — сказаў біскуп Віцебскі перад тым, як разам з біскупам Касабуцкім удзяліў прысутным благаслаўленне. Пасля гэтага ён правёў у святыні абрад апошняга даручэння і развітання са спачылым святаром, а таксама ўзначаліў пахавальныя абрады на старых гарадскіх могілках.

Ксёндз Міхал Сапель быў пахаваны побач з магіламі сваіх продкаў і яго таты Канстанціна.
З вуліцы Першага мая добра відаць высокі металічны крыж на радавым надмагіллі, што з’яўляецца знакам перамогі над смерцю і ўзносіцца ўвыш, як душа святара, які з неба будзе працягваць падтрымліваць малітвай перад Божым тронам сваіх асірацелых духоўных дзяцей на зямлі, дзе памяць пра яго будзе жыць у вялікай колькасці ўдзячных сэрцаў.













































































