Пошук

13.12.2021 20:00   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

13 снежня ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы адбылося жалобнае набажэнства і святая Імша за першага пробашча адроджанай Залатагорскай парафіі ксяндза Міхала Сапеля, які адышоў у вечнасць у мінулую пятніцу.

Напярэдадні ў парафіі завяршыліся адвэнтаваыя рэкалекцыі, якія правёў для вернікаў самай старажытнай каталіцкай супольнасці сталіцы арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Як зазначыў заслужаны іерарх, ён бачыў, як падчас духоўных практыкаванняў вернікі прыходзілі ў касцёл, дзе быў выстаўлены партрэт памерлага святара, ускладалі да яго кветкі, запальвалі знічы і, укленчыўшы, шмат маліліся.

У панядзелак развітацца са сваім душпастырам прыйшлі шматлікія вернікі, многія з якіх прыехалі здалёк. Невялікая залатагорская святыня не змясціла ўсіх, і многія маліліся, стоячы на цвінтары перад касцёлам.

Арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы пры труне з целам спачлага ксяндза Міхала Сапеля, які 31 год аддаў святарскаму служэнню, і большасць з іх прайшлі менавіта ў касцёле на Залатой Горцы.

Разам з арцыбіскупам эмерытам маліліся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які прамовіў гамілію.

Біскуп Касабуцкі, які яшчэ як святар калісьці змяніў ксяндза Міхала Сапеля на пасадзе пробашча Залатагорскай парафіі і добра ведаў спачылага, напачатку адзначыў, што хоць яго жыццё было нядоўгім, але вельмі насычаным служэннем Богу і людзям. Біскуп Касабуцкі згадаў як душпастырскую дзейнасць спачылага святара ў Мінску, Ракаве і Заслаўі, так і яго асаблівыя заданні ў Касцёле на Беларусі: працу па перакладзе літургічных тэкстаў на родную мову, галоўным вынікам якой стаў «Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі», і арганізацыю дабрачыннай працы, дзякуючы чаму ў Беларусі з’явілася дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas, першым дырэктарам якога стаў менавіта ксёндз Міхал Сапель.

«Яму шмат у чым даводзілася быць першым, а першаму заўсёды найцяжэй», — падкрэсліў біскуп, дадаўшы, што спачылы перш за ўсё быў «Чалавекам з вялікай літары».

Ён заўважыў, што святарскі запал ксяндза Міхала стаў стымулам для адкрыцця ўласнага паклікання для шэрагу святароў, многія з якіх бралі ўдзел у жалобнай цэлебрацыі на Залатой Горцы.

На заканчэнне гаміліі біскуп Касабуцкі ад імя ўсіх прысутных папрасіў прабачэння ў спачылага за ўсе непаразуменні і выказаў спадзяванне на тое, што яго прыклад і надалей будзе натхняць вернікаў і падтрымліваць іх на шляху да неба.

Каб ушанаваць памяць руплівага слугі Пана, іерарх запрасіў усіх, хто ведаў ксяндза Міхала, рабіць тое, чаму ён навучаў як святар, каб калісьці зноў сустрэцца з ім у доме нябеснага Айца.

На заканчэнне цэлебрацыі арцыбіскуп Станеўскі выказаў падзяку спачыламу ксяндзу Міхалу Сапелю за яго шматгадовае святарскае служэнне і за тыя шматлікія Божыя ласкі, якія сплылі на людзей праз яго святарскія рукі. Арцыпастыр нагадаў словы Папы Францішка, паводле якога жыццё чалавека вымяраецца не пражытымі дзесяцігоддзямі, а сустрэчай, і заахвоціў вернікаў маліцца аб сустрэчы памерлага святара з Тым, каму ён без рэшты прысвяціў сваё жыццё.

Свае спачуванні з нагоды смерці ксяндза Міхала Сапеля скіраваў яго аднакурснік па Рыжскай духоўнай семінарыі біскуп Луцкі Віталій Скамароўскі з Украіны. У сваёй малітве за спачылага запэўнілі ўсе біскупы Беларусі, а святары распачалі цэлебрацыю Грыгарыянскай святой Імшы ў яго інтэнцыі, якая будзе працягвацца кожны дзень на працягу цэлага месяца.

Пасля абраду апошняга даручэння і развітання святары вынеслі труну з целам свайго спачылага сабрата са святыні, і жалобны картэж пад развітальны перазвон касцёльных званоў скіраваўся ў Браслаў, родны горад ксяндза Міхала Сапеля, дзе 14 снежня а 11-й гадзіне адбудзецца пахавальная святая Імша і пахаванне.

 

Абноўлена 14.12.2021 06:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця