Пошук

06.12.2021 09:09   Фота: Соф'я Любанец / «Нясвіжскія навіны» / Catholic.by

4 снежня католікі Нясвіжа ўшанавалі памяць свайго шматгадовага пробашча ксяндза Гжэгажа Каласоўскага ў 30-ю гадавіну яго адыходу ў вечнасць.

З гэтай нагоды ў нясвіжскім касцёле Божага Цела цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з заслужаным іерархам у старадаўняй святыні маліліся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, цяперашні пробашч парафіі ксёндз канонік Пётр Шарко, дэкан Нясвіжскі, святары з наваколля і шматлікія вернікі, якія з пашанай і любоўю захоўваюць памяць пра шматгадовага душпастыра, які праслужыў у Нясвіжы 52 гады.

Гэта была адзіная парафія на працягу доўгага і вельмі няпростага святарскага жыцця ксяндза Каласоўскага.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў найбольш яскравыя моманты адданага служэння адважнага сведкі веры і руплівага душпастыра. Стаўшы пробашчам нясвіжскай парафіі ў гады ваеннага ліхалецця, ксёндз Каласоўскі разам з парафіянамі ўратаваў пашкоджаную святыню і пасля вайны хутка аднавіў гэтую ўнікальную пярліну сакральнай архітэктуры нашай Бацькаўшчыны.

«Больш за тое, у цяжкія часы пераследу веру, нягледзячы на ўсе складанасці і ганенні, ён будаваў жывы Касцёл з душаў людскіх. Ён быў практыча адзіным ва ўсёй акрузе каталіцкім святаром у тыя змрочныя часы нашай гісторыі. Дзякуючы яму вернікі маглі ўдзельнічаць у Эўхарыстыі і прымаць іншыя сарамэнты.

Сваім самаахвярным служэннем ксёндз Каласоўскі не даў згаснуць агню духоўнага жыцця ў сэрцах людзей», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён дадаў, што ксёндз Каласоўскі дачакаўся адкрыцця Духоўнай семінарыі ў Гродне і адышоў з гэтага свету з надзеяй, што яго святарскую справу працягнуць наступнікі.

«Сваім жыццём і дзейнасцю ксёндз Гжэгаж Каласоўскі набыў вялікі аўтарытэт не толькі сярод вернікаў: яго заслугі прызнаныя шырокай грамадскасцю. Ён з’яўляецца ганаровым жыхаром Нясвіжа, дзе адна з вуліц носіць яго імя, і ў яго гонар таксама ўсталявана мемарыяльная дошка.

«Трыццаць гадоў таму не стала гэтага заслужанага і паважанага святара, які вытрымаў буры ганенняў і не зламаўся, як сапраўдны волат веры. Ён адышоў да дому нябеснага Айца, але Касцёл жыве. На яго ніву прыйшлі новыя святары, якіх вымаліў ксёндз Каласоўскі і якім даў „пуцёўку ў жыццё“.

Сярод іх ксёндз канонік Ігар Лашук, сённяшні пробашч у Стоўбцах, які быў сакрыстыянам пры ксяндзу Каласоўскім, чый прыклад святарскага служэння прабудзіў у ім голас паклікання», — дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч, падкрэсліўшы, што ва ўсе часы асноўныя заданні святара — абвяшчаць Евангелле, асвячаць праз сакраманты і будаваць хрысціянскую супольнасць.

Заслужаны іерарх заахвоціў удзельнікаў Эўхарыстыі маліцца аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, «бо жніво беларускага Касцёла вялікае, а работнікаў мала».

На заканчэнне гаміліі арцыпастыр заклікаў вернікаў памятаць пра свайго шматгадовага прообашча і прасіць Божай міласэрнасці для яго, каб з вакна дома нябеснага Айца ён благаславіў Нясвіж і Беларусь.

У літургіі ўзяў удзел праваслаўны святар айцец Павел Фокін, які нясе служэнне з нясвіжскім прыходзе святога Георгія, дзе раней служыў сябра ксяндза Гжэгажа Каласоўскага айцец Дзмітрый Хмель.

У цяжкія гады пераследу веры святары падтрымлівалі адзін аднаго і сталі жывым увасабленнем сапраўднага хрысціянскага братэрства, што вышэй за ўсё падзелы.

На набажэнстве прысутнічаў таксама намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Балценкоў.

Пасля Імшы удзельнікі памятнай літургіі скіраваліся на могілкі, дзе памаліліся каля магілаў двух святароў: ксяндза Гжэгажа і айца Дзмітрыя. На могілках са словам да прысутных звярнуліся біскуп Касабуцкі і Аляксандр Балценкоў.

Абноўлена 06.12.2021 09:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа