23 лістапада прадстаўнікі Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas на чале з дырэктарам гродзенскага аддзялення гэтай рэлігійнай місіі ксяндзом Раманам Рачко сумесна з прадстаўнікамі іншых канфесій перадалі дапамогу людзям, якія сталі ахвярамі міграцыйнага крызісу і апынуліся ў нялюдскіх умовах на беларуска-польскай мяжы.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, гэта ўжо другая партыя гуманітарнай дапамогі, перададзеная дабрачыннай арганізацыяй мігрантам, якія цяпер размешчаны ў транспартна-лагістычным цэнтры, што стаў часовым прытулкам для людзей з краін Блізкага Усходу, сярод якіх нямала жанчын і дзяцей. Дапамога будзе размеркаванa сярод патрабуючых. Першая партыя дапамогі была дастаўлена 18 лістапада.
Акрамя дапамогі, якую па просьбе каталіцкіх біскупаў Беларусі аказваюць вернікі з розных мясцін нашай краіны, у святынях узносяцца малітвы ў інтэнцыі мігрантаў, а таксама ўсіх тых, ад каго залежыць вырашэнне гэтай сітуацыі, каб яна была вырашана як найхутчэй мірным шляхам, з павагай да годнасці кожнага чалавека.
Працягваць маліцца ў гэтай інтэнцыі заклікаў вернікаў таксама Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.