Пошук

19.11.2021 10:00   Кс. Ігар Лашук / Catholic.by

17 лістапада ў парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах адбылася сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага са святарамі Стаўбцоўскага дэканата.

Да гэтага дэканата належаць святары, якія нясуць служэнне ў Стаўбцоўскім, Уздзенскім і Дзяржынскім (Койданаўскім) раёнах Мінскай вобласці.

У сустрэчы з арцыпастырам ўзялі ўдзел ўсе мясцовыя святары на чале з дэканам Стаўбцоўскім ксяндзом канонікам Ігарам Лашуком, пробашчам парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах. Сустрэча духавенства распачалася святой Імшой, цэлебрацыю якой у стаўбцоўскай капліцы ўзначаліў арцыбіскуп Станеўскі.

У прамоўленай гаміліі іерарх падкрэсліў таямніцу дванаццаці Апосталаў, інакш кажучы, супольнасці, што аб’ядноўвае душпастыраў у агульным пакліканні і служэнні дзеля абвяшчэння Евангелля і здзяйснення святых сакрамэнтаў — бачных знакаў нябачнай Божай ласкі, якая дае збаўленне.

Пасля святой Імшы ўдзельнікі сустрэчы прывіталі новага пастыра архідыяцэзіі і ў шчырай братняй размове мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з маладым іерархам, а ён — са сваімі святарамі.

Пасля сустрэчы ў Стоўбцах, дзе працягваецца будаўніцтва новага касцёла, арцыбіскуп Станеўскі наведаў адну з найстарэйшых святынь дэканата — касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў Новым Свержні, пабудаваны ў 1588 годзе.

Хоць гэтая святыня знаходзіцца ўсяго ў двух кіламетрах ад Стаўбцоў, калі ехаць напрасткі, аднак з прычыны прац на чыгуначным пераездзе арцыбіскупу давялося праехаць амаль 25 кіламетраў у аб’езд. Дарога пралягала па цудоўных мясцінах, звязаных з жыццём вялікага беларускага песняра Якуба Коласа.

Едучы праз Акінчыцы — месца нараджэння Кастуся Міцкевіча, а таксама праз Альбуць, Смольню, Мікалаеўшыну і раку Нёман, арцыбіскуп (які, дарэчы, таксама піша вершы) і тыя, хто яго суправаджаў, прыгадалі незабыўныя радкі класіка з паэмы «Новая зямля» — «Мой родны кут, як ты мне мілы…»

Пасля наведвання касцёла і кароткай малітвы ў старадаўняй святыні духавенства вярнулася ў Стоўбцы, адкуль арцыбіскуп Станеўскі скіраваўся ў сталіцу.

Абноўлена 19.11.2021 10:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа